Дальнабойнікам «ужывяць» чыпы. Мінтранс Расеі хоча перамагчы «шэрых» перавозчыкаў


Да 1 лістапада 2018 года ўрад Расеі будзе маркіраваць транзітныя аўтагрузы навігацыйнымі пломбамі на базе сістэмы ГЛОНАСС. Мэта эксперыменту – выключыць пастаўкі санкцыйных тавараў у Расею і «шэрыя» перавозкі замежных транспартных кампаніяў.

Усталяванне пломбаў на дзверы грузавікоў у перыяд тэставання будзе добраахвотнай і бязплатнай. Паводле ініцыятараў увядзення сістэмы кантролю, электронная пломбы могуць у некалькі разоў скараціць час дастаўкі тавару і час праверкі на мытні.

«Калі электронная сістэма навігацыі пломбы дазволіць скараціць час дастаўкі тавараў, спрасціць праходжанне мытні, дасць магчымасць атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра месца знаходжання і бяспечнасць грузу, то гэта будзе эфектыўна і выгадна для бізнесу», – мяркуе Дзмітрый Суханаў, дырэктар кампаніі «Адженс» (міжнародны перавозчык APS), якая прымае ўдзел у тэставанні пломбаў.

Эксперымент праводзіцца ў межах стварэння адзінай сістэмы транзіту тавараў на тэрыторыі ЕАЭС, паведамляе расейская мытня.

Тэхналогію пламбавання распрацаваў аператар сістэмы «Платон» (ООО «РТ-Инвест Транспортные Системы»).

У 2015 – 2017 гг. расейскія дальнабойнікі ладзілі пратэсты і страйкі супраць высокіх грашовых збораў у межах сістэмы «Платон», якую стварылі, каб палепшыць якасць дарогаў у краіне.

ЮВ, belsat.eu, паводле customs.ru

Стужка навінаў