Даласкі забойца паліцэйскіх перад смерцю ўласнаю крывёю напісаў на сцяне літары R і B


Амерыканскія праваахоўнікі спрабуюць расшыфраваць пасланне. Пра гэта CNN паведаміў шэф паліцыі гораду Далас Дэйвід Браўн, дзе ў ноч на 8 ліпеня падчас пратэсту супраць самавольства ахоўнікаў правапарадку загінула 5 паліцыянтаў. Яшчэ 6 атрымалі раненні.

Падазраванага ў нападзенні на паліцэйскіх рэзервіста арміі ЗША Мікі Ксаўера Джонсана забілі пры дапамозе робату «Remotec F-5», забяспечанага выбухоўкай і кабелем з дэтанатарам.[/vc_column_text][vc_single_image image=”227184″ img_size=”large”][vc_column_text]Мікі Ксаўер Джонсан

Паводле Дэйвіда Браўна, ў кватэры стралка знайшлі доказы таго, што былы амерыканскі вайсковец (служыў у Афганістане) планаваў арганізаваць некалькі выбухаў.

Тым часам у ЗША пашыраецца хваля пратэстаў супраць паліцыі. У штаце Мінэсота пратэстоўцы заблакавалі дарогі і кідалі фаеры ў паліцэйскіх, а ў горадзе Батон-Руж у штаце Луізіяна ўзброеныя атрады самаабароны «Новыя чорныя пантэры» далі адпор паліцыі.

Арганізацыя «Новыя чорныя пантэры» паўстала ў 1989 годзе ў Даласе і з таго часу змагаецца за права на самавызначэнне «чорнай нацыі» і вызваленне ўсіх афраамерыканцаў з турмаў ды спыненне жорсткага абыходжання паліцыі з чарнаскурымі.

У Сан-Францыска і горадзе Фрэсна (штат Каліфорнія) дэманстранты заблакавалі дарогі і масты. Мірныя дэманстрацыі прайшлі ў амерыканскіх гарадах Ўэст-Палм-Біч, Форт-Лодэрдэйл, Нэшвіл, Індыянапаліс, Маямі ды Вашынгтоне.

У Нью-Ёрку 20 асобаў былі арыштаваныя падчас маршу па Манхэтане.

Паводле карэспандэнту Бі-бі-сі, пратэстоўцы ў Батон-Руж, пяць начэй запар выходзяць на вуліцы, перапоўненыя лютасцю, і іх рашучасць расце ад мітынгу да мітынгу, на што паліцыя адрэагавала поўным баявым рыштункам.

«Бакі стаяць тварам да твару, часцяком блакуючы асноўнае шасэ, якое вядзе да паліцэйскага ўчастку. Паліцыя перыядычна становіцца ў шэраг і выхоплівае з натоўпу некалькі чалавек, каб адвесці іх у пастарунак», – паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі.

Раней некалькі соцень чалавек прайшлі маршам да будынку заканадаўчага сходу штату Луізіяна і некалькі гадзінаў прастаялі на яго прыступках з паднятымі ўверх кулакамі.

Акцыі пратэстаў пачаліся ў ЗША пасля інцыдэнту 4 красавіка 2015-га. Тады паліцэйскі выпусціў 8 куляў у спіну афраамерыканца.

Паводле матэрыялаў следства, праваахоўнік баяўся за сваё жыццё. Аднак на відэазапісе выпадковых сведкаў трагедыі бачна, што паліцыянт Майкл Слэджэр спыніў мясцовага жыхара Ўолтэра Скота на дарозе праз разбітую заднюю фару аўтамабіля. Далей паміж паліцыянтам і мужчынам адбылася патасоўка. Афраамерыканец пачаў уцякаць. Тады паліцэйскі пачаў страляць у яго з табельнай зброі.

Фота: AFP

ЮВ, belsat.eu, паводле CNN, Бі-бі-сі

Стужка навінаў