Дакументальная стужка «Белсату» «Сейбіт» атрымала ўзнагароду на Фестывалі адукацыйных фільмаў у Польшчы


Фільм «Сейбіт» рэжысёра Юрыя Каліны атрымаў Залатую статуэтку Каперніка і ўзнагароду Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы на фестывалі адукацыйных фільмаў «Edukino».

Журы падкрэсліла вялікае значэнне адукацыйнай дзейнасці галоўнага героя фільму Дарафея Фіёніка і ягонай жонкі, а таксама «жаданне перадаць традыцыі маладому пакаленню беларускай меншасці ў Польшчы».

Узнагароду атрымала дачка Юрыя Каліны Аляксандра.

Гэта ўжо дзявятая ўзнагарода «Сейбіта» на міжнародных кінафестывалях.

Герой фільму – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім Дарафей Фіёнік: беларус, грамадзянін Польшчы (як і ягоныя продкі), выпускнік праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэгент царкоўнага хору, стваральнік Музею малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, рэдактар этнаграфічнага часопісу «Бельскі гасцінец», аўтар кніжак пра гісторыю рэгіёну. Ён заснаваў гурт «Жэмэрва» («Żemerwa»), што выконвае аўтэнтычны фальклор Падляшша, а кіруе калектывам ягоная сястра Анна Фіёнік.

Дарафей рэгулярна ладзіць этнаграфічна-фальклорныя імпрэзы з удзелам ансамбляў з Беласточчыны і беларускага Палесся. А яшчэ ён займаецца фермерствам і з дапамогаю сям’і традыцыйным спосабам вядзе гаспадарку на плошчы некалькі гектараў: малоціць збожжа цэпам, косіць касою, жне сярпом і сее ўласнымі рукамі. Аднак найважнейшым сваім абавязкам Дарафей лічыць прапаганду духоўнай і матэрыяльнай культуры падляшскіх беларусаў – на ўзор біблейскага сейбіта, каб тое зерне «упала на добрую зямлю і дало плод».

Стужка навінаў