«Дайце шанец нашым дзецям!»


У Горадні прайшоў устаноўчы сход руху «Маці 328», які будзе займацца абаронай правоў асуджаных за наркотыкі.

У памяшканні на вуліцы Будзённага, 48а сабраліся калі 20 чалавек – пераважна жанчыны, некалькі актывістаў ды журналісты. Сход пачаўся з таго, што кожная маці прадставілася і вельмі коратка распавяла пра лёс свайго дзіцяці: колькі год пакарання атрымаў, калі асуджаны, дзе сядзіць…

Большасць асуджаных хлопцаў маюць 18-20 гадоў, іх асудзілі летась альбо пазалетась паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Найбольш папулярная калонія для «наркаманаў» – ПК № 22 у Івацэвічах, гэтак званыя «Воўчыя норы».

Жанчыны ўпэўненыя, што іхныя дзеці асуджаныя са шматлікімі парушэннямі на неадэкватна вялікія тэрміны (8-12 год), а барацьба з наркотыкамі ў краіне прыняла скажоныя формы: ідзе масавая вярбоўка наркаманаў, якія пасля робяць правакацыі супраць «сваіх жа». У выніку хворым на наркаманію ў вялікай колькасці выпадкаў «шыюць» частку 3 артыкулу 328, то бок распаўсюд наркотыкаў, за што прадугледжана больш суворае пакаранне.

Усё гэта маці распісалі ў лісце да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які мае быць адпраўлены неўзабаве. У гэтым жа лісце ўказваецца, што «…толькі апякунства людзей у пагонах дазваляе распаўсюджвацца гэтай заразе сярод моладзі».

Маці патрабуюць сумленнага расследавання справаў ды перагляду тэрмінаў па артыкуле.

[vc_single_image image=”368056″ img_size=”large”]

«Кожная з нас ужо неаднаразова пісала ў розныя інстанцыі, і ў суд, і ў пракуратуру, і дэпутатам абодвух палатаў… – распавядае Ларыса Жыгар. – Цяпер пішам разам на імя прэзідэнта. Збіраем подпісы, вось акурат з Баранавічаў нядаўна даслалі аркушы».

Ларыса Жыгар, абраная на сходзе старшынёй аргкамітэту па стварэнні арганізацыі, з’яўляецца маці Максіма Жыгара, які быў асуджаны паводле артыкулу 328 ў 2013 годзе. Справа тады набыла розгалас у прэсе: 18-гадовага хлопца асудзілі за распаўсюд, тым часам як ягоныя калегі ва ўзросце 23-24 гады атрымалі тэрміны меншыя за ніжнюю планку – усяго па 4 гады.

У справе праваабаронцы адзначалі шматлікія парушэнні, а сам Максім прызнаўся, што яго збівалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а на судзе адмовіўся ад дадзеных пад катаваннямі паказанняў.

[vc_single_image image=”368057″ img_size=”large”]

«Зразумейце, што масавага падтрымання для вас ніадкуль не будзе, – выказаўся на сходзе былы прафсаюзны лідар Анатоль Хацько. – Акрамя вас саміх за вашых дзяцей ніхто не будзе змагацца. Па адным вы так і будзеце атрымліваць адпіскі з розных інстанцыяў, а разам як юрыдычны субект мы маем больш шанцаў на нешта паўплываць і нечага дамагчыся».

Падчас паседжання былі абраныя старшыня арганізацыі, яе заступнік і сакратар, прыняты статут. Фінансавацца будучая структура мае за кошт ахвяраванняў яе чальцоў. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, які таксама быў запрошаны на сход, так і не з’явіўся.

На дадзены момант рух «Маці 328» – гэта першая ў Беларусі праваабарончая арганізацыя, якая будзе займацца менавіта абаронай правоў асуджаных наркаманаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў