ДАІ ў Менску возьмецца за матацыклістаў


Хуткасны рэжым, наяўнасць шлемаў, рэгістрацыя і страхоўка – галоўнае, на што будзе звяртаць увагу ДАІ падчас кантролю руху матацыклаў у Менску.

Менская дзяржаўтаінспекцыя паведамляе, што мае намер ладзіць адмысловыя рэйды, каб узмацніць кантроль над матацыклістамі. Праверкі будуць адбывацца і ўдзень, і ўночы.

Ад пачатку года ў Менску з удзелам матацыклаў адбылося 18 ДТЗ, у якіх загінулі дзве асобы, 18 атрымалі раненні. Паводле ДАІ, асноўнымі прычынамі дарожнага траўматызму і смяротнасці з’яўляюцца парушэнне правілаў манеўравання, праезд на чырвоны сігнал святлафора, няправільны выбар хуткасці руху.

«Чым вышэйшай хуткасць, тым менш шанцаў зрэагаваць на перашкоду, што ўзнікла на дарозе. Часта можна гаварыць і пра недастатковы вопыт кіравання гэтым транспартным сродкам. Аднак нямала ДТЗ з матацыклістамі адбылося па віне вадзіцеляў аўтамабіляў. Таму ўважлівымі трэба быць усім удзельнікам дарожнага руху», – зазначаюць у ДАІ.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў