ДАІ абʼявіла паляванне на кіроўцаў без тэхагляду

video

Працаўнікі Белтэхагляду, ДАІ ды транспартавай інспекцыі да канца месяца праводзяць супольныя рэйды: яны шукаюць або, як некаторыя жартуюць, палююць на кіроўцаў без тэхагляду.

Ці ёсць налепка на ветравым шкле? Калі не – вас хутчэй за ўсё спыняць. Штрафы пагражаюць не малой колькасці кіроўцаў.

Паводле інфармацыі Міністэрства транспарту, у Беларусі 30 % аўтамабіляў не праходзяць тэхагляду. Працаўнікі станцыяў тэхабслугоўвання адзначаюць, што лічбы ўвесь час растуць, бо ахвотных падрыхтаваць свае аўты да правярання становіцца заўважна меней.

«Супрацоўнічаю са шмат якімі станцыямі. Людзей стала звяртацца разы ў тры менш. Ну звязана гэта з тым, што не хочуць плаціць грошай, прынцыпова, шмат хто са знаёмых гэтак кажа, лічаць, што дзяржава і так занадта шмат бярэ грошай з аўтааматараў», – кажа Віктар, працаўнік станцыі тэхабслугоўвання.

Дзяржаўны рэкет

Аўтаўладальнікаў абурае, што да платы за тэхагляд, а гэта ад 18 да 20 рублёў, прывязалі да дзяржаўнага мыта за допуск да ўдзелу ў дарожным руху, які за год на гэты момант для легкавых аўтаў складае ад 63 да 231 рубля ў залежнасці ад вагі. Кіроўцы кажуць, што аплачванне штрафаў абыходзіцца танней.

«Я лічу, што гэта проста дзяржаўны рэкет. Проста адымаюць грошы ні за што. Яўна яны не ідуць ні на дарогі, нікуды. Плацім за дарогі адзін раз, калі запраўляемся, плацім, калі ездзім на грузавых машынах, і трэці раз здымаецца плата», – кажа кіроўца-міжнароднік Уладзімір.

Узмацненне санкцыяў можа выклікаць узмацненне карупцыі сярод працаўнікоў ДАІ

На думку аўтаўладальнікаў, адмена дзяржаўнага мыта выправіць сітуацыю. Аднак у Міністэрстве транспарту лічаць, што развязаць праблему дапамогуць больш жорсткія санкцыі. Чыноўнікі разглядаюць пытанне аб забароне ўдзелу аўта без тэхагляду ў руху ды адпраўленні яго на штрафстаянкі.

«Больш жорсткія захады адказнасці за непраходжанне тэхагляду малаверагодна, што прынясуць у скарбніцу нейкія грошы. Хутчэй за ўсё проста людзі адмовяцца ад паездак, так як гэта сапраўды вельмі дорага», – кажа Фёдар Сухаў з руху «За аўта».

Аўтааматары лічаць, што ўзмацненне санкцыяў можа выклікаць павелічэнне карупцыі сярод працаўнікоў ДАІ і Дзяржтэхагляду. Пры тым, што адказнасць за стан аўта ўсё адно кладзецца на кіроўцу, бо адзнака аб праходжанні тэхагляду не гарантыя таго, што твой аўтамабіль – тэхнічна спраўны.

«Я сёння прайшоў тэхагляд. Машына ў мяне спраўная. Заўтра ў мяне загудзеў падшыпнік у коле. Паслязаўтра кола адарвалася. Навошта гэты тэхагляд?», – разважае кіроўца-міжнароднік Уладзімір.

Дарэчы, у Беларусі колькасць аварыяў, у якіх вінаваты аўта з тэхнічнымі няспраўнасцямі, за гэты год складае менш 1 %.

Вольга Чайчыц belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары