Дабудуем АЭС за чужыя грошы і пачнем будаваць магільнік для адкідаў


За 60 гадоў эксплуатацыі Беларуская АЭС выпрацуе больш за 10 тысячаў кубічных метраў высока- і нізка-актыўных адкідаў з двух рэактараў. Для гэтых адкідаў на тэрыторыі Беларусі пабудуюць сховішча, якое будзе каштаваць дзяржаве 60 мільёнаў долараў ЗША. Бяспеку гэтага сховішча патрэбна будзе падтрымліваць на працягу некалькіх наступных тысячагоддзяў.

Паводле дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй аб будаўніцтве і эксплуатацыі БелАЭС у Астраўцы, усе адкіды эксплуатацыі атамнай станцыі застануцца пад адказнасцю Беларусі, акрамя адпрацаванага паліва, якое будзе адпраўляцца назад у Расею. Астатняе радыёактыўнае смецце ў выглядзе вадкасцяў, газаў або цвёрдых матэрыялаў будзе захоўвацца ў Беларусі. На працягу першых дзесяці гадоў працы АЭС – на самой атамнай станцыі. А потым для іх будзе пабудавана спецыяльнае сховішча.

Будаўніцтва гэтага сховішча не прадугледжвае дамова з Расеяй аб будаўніцтве БелАЭС. Беларусь будзе рабіць яго асобна за свой кошт, і кошт гэты складзе прыкладна 60 мільёнаў долараў ЗША. Такая лічба згадваецца ў адпаведнай пастанове Савету Міністраў РБ аб стратэгіі кіравання радыёактыўнымі адкідамі Беларускай атамнай электрастанцыі.

«Колькасць фінансавых сродкаў для будаўніцтва пляцоўкі захавання РАА была разлічана сыходзячы з кошту падобнай канструкцыі ў Літоўскай Рэспубліцы (магільнік радыёактыўных адкідаў Ігналінскай атамнай электрастанцыі) і складае каля 60 мільёнаў долараў ЗША. Папярэдні кошт будаўніцтва аб’ектаў першай чаргі пляцоўкі захавання РАА складзе 10 мільёнаў долараў ЗША», – напісана ў пастанове.

Гэта азначае, што ўжо ў бліжэйшыя гады Беларусі патрэбна будзе шукаць згаданыя мільёны долараў, бо да 2028 года аб’екты першай чаргі пляцоўкі захоўвання ўжо павінны быць пабудаваныя, згодна з пастановай. Акрамя кошту будаўніцтва, краіна, якая размяшчае на сваёй тэрыторыі сховішча радыёактыўных адкідаў, падпісваецца абслугоўваць яго на тысячагоддзі наперад.

«Месца канчатковага захоўвання радыёактыўных адкідаў трэба разлічваць на мільён гадоў. Ёсць ізатопы, якія будуць заставацца небяспечнымі на працягу шматлікіх тысячагоддзяў. Няма ніякіх гарантыяў, што за час існавання гэтага магільніка з вялікай доляй верагоднасці не зменяцца геалагічныя ўмовы. Не думаю, што ў Беларусі ёсць месца, якое б з гэтага пункту гледжання гарантавала добрыя ўмовы захоўвання. Такіх месцаў наагул вельмі мала ў свеце », кажа Уладзімір Слівяк, эксперт з пытанняў радыяцыйнай бязпекі, старшыня экалагічнай групы «Экозащита!» у Маскве.

Адкіды застануцца на АЭС

Першыя ж дзесяць гадоў адкіды будуць захоўвацца на атамнай станцыі. Гэта неабходна для іх ахалоджвання і трансфармацыі ў цвёрдую форму, у якой потым будзе зручна і менш небяспечна іх перавозіць на магільнік і захоўваць там. Адпрацаванае паліва таксама будзе захоўвацца нейкі час на станцыі перад тым, як яго можна будзе везці ў Расею.

«Захоўванне адкідаў на станцыі – гэта звычайная практыка. Адзіная праблема, звязаная з бяспекай, – гэта басейн, дзе ахалоджваецца паліва. Там павінна быць месца хаця б для адной аварыйнай выгрузкі рэактара. Але на новай станцыі такой праблемы не павінна быць», – кажа Уладзімір Слівяк.

Пляцоўка, дзе будуць размяшчацца паступова на працягу 60 гадоў радыяцыйныя адкіды з двух рэактараў, а таксама каля 4000 кубічных метраў радыёактыўнага смецця пасля вываду АЭС з эксплуатацыі, плануецца вызначыць да 2023 году. Да 2026 году павінен быць распрацаваны праект будаўніцтва і разлічаны кошт аб’ектаў першай чаргі.

«Згодна з заканадаўствам, для такога аб’екта павінна быць распрацаваная справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе, што патрабуе правядзення абмеркавання з грамадскасцю. Калі верагодна, што гэты аб’ект будзе таксама ўздзейнічаць на суседнія краіны, то замоўца праекту сумесна з Міністэрствам прыроды павінны праводзіць кансультацый з усімі зацікаўленнымі бакамі, то бок іншымі краінамі», тлумачыць каардынатарка прававой службы таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна.

У дзяржаве, якая шануе закон і грамадскае стаўленне, заўвагі ад мясцовых жыхароў або іншых зацікаўленных бакоў павінны ўлічвацца і, прынамсі, зробленыя некаторыя змены ў праекце, каб палегчыць урон, ці павысіць бяспеку.

«Наагул, сховішча для адкідаў ці паліва больш уразлівае ў параўнанні з рэактарам. Рэактары ўзмацняюцца больш, чым магільнікі. На выпадак падзення самалёта або ўзброенай атакі – сховішча нашмат больш небяспечнае, чым атамная станцыя», – кажа Ўладзімір Слівяк.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў