Дабравольцы атраду «Пагоня» жывыя


Супярэчлівая інфармацыю аб гібелі чальцоў атраду «Пагоня» не пацвердзілася – хлопцы і далей змагаюцца поруч з украінскімі добраахвотнікамі.

Пра гэта паведаміла прадстаўніца дабраахвотніцкага фармавання Таццяна Елавая: “Згодна з апошнімі звесткамі, забітых сярод байцоў «Пагоні» дакладна няма. Частка нашых людзей знаходзіцца ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў на самай перадавой, але з імі, дзякуй богу, усё добра”.

Інфармацыя пра дванаццаць забітых беларусаў з’явілася каля месяца таму. Напачатку жніўня гэтую лічбу агучыў журналіст Зміцер Лукашук у інтэрв’ю парталу tut.by са спасылкаю на свае крыніцы. Інфармацыю пра забітых сярод беларусаў непублічна падавалі і ўкраінцы з добраахвотніцкіх батальёнаў. Далей гэтую лічбу растыражывалі ў Інтэрнэце ды сацыяльных сетках. Ёй жа скарысталіся зацікаўленыя асобы, каб дыскрэдытаваць «Пагоню».

Тым не менш, Таццяна Елавая не адмаўляе, што падчас баявых дзеянняў маглі загінуць этнічныя беларусы: “Гэта не добраахвотнікі, якія прыехалі ў апошнія некалькі месяцаў з Беларусі, але людзі, якія стала пражываюць ва Украіне, маюць украінскае грамадзянства. Асобная размова – трагічныя падзеі «Ілавайскага катла». Там загінула альбо была ўзятая ў палон велізарная колькасць людзей. Не выключаю, што сярод іх маглі быць і беларускія добраахвотнікі”.

Добраахвотніцкі атрад «Пагоня» быў створаны ў ліпені. Гэта фармаванне грамадзянаў Беларусі, якія прайшлі адмысловую падрыхтоўку і бяруць удзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў шэрагах украінскіх добраахвотных батальёнаў. Больш за 100 асобаў выказалі жаданне ўступіць у шэрагі атраду, аднак з меркаванняў бяспекі абралі толькі дзесятую частку – правераных ды надзейных людзей. “Пагоня” працягвае працу па фармаванні і навучанні новых групаў добраахвотнікаў.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў