Да затрыманых журналістаў не пускаюць адвакатаў і цягнуць час


Учора і сёння адбыліся масавыя вобшукі ў журналістаў, якіх падазраюць быццам бы ў нелегальным доступе да платнай падпіскі «БелТА». Некалькі чалавек затрымана і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Дачка рэдактара навінаў tut.by Галіны Уласік, якую ўчора затрымалі, распавяла нам пра тое, што вядома на дадзены час.

Чалавек ёсць, але яго нідзе няма

Пасля таго, як да Валерыі патэлефанаваў следчы і паведаміў, што ейная маці затрыманая, Валерыя хуценька наняла адваката. У Следчым камітэце ёй паведамілі, што з допыту маці перавязуць у ІЧУ і параілі занесці туды перадачу.

Цягам гадзіны Валерыя з сябрамі пад’ехала да ІЧУ, каб аддаць перадачу, але там Галіны не знайшлі. Следчы сказаў, што яна дагэтуль на допыце ў СК і перадачу можна прывезці туды. На ўваходзе ў Следчы камітэт сказалі, што тут няма нікога з прозвішчам Уласік. Гэта не першая хлусня, з якой дачка Галіны сутыкнецца за два дні пошукаў маці. Пасля чарговага тэлефанавання следчаму, Валерыю прапусцілі ў СК, каб аддаць перадачу.

Увечары адвакат паведаміў, што 8 жніўня а 12:00 мусіць адбыцца допыт, пасля якога, верагодна, журналістаў адпусцяць. У сераду каля 12 гадзіны адвакат патэлефанаваў у Следчы камітэт, каб удакладніць пра допыт, але следчы сказаў, што пакуль нічога не вядома, але намякнуў, што сёння, хутчэй за ўсё, нічога не будзе. Пасля гэтага Валерыя сустрэлася з адвакатам, ён патлумачыў, што ейная маці знаходзіцца ў статусе падазраванай, бо як бы яна мела іншы статус, то яе не мелі б права трымаць нават тры дні. Адвакат намагаўся зрабіць пропуск у ІЧУ, каб сустрэцца са сваёй кліенткаю, паразмаўляць з ёй ды хаця б падтрымаць. Ён патэлефанаваў следчаму. У сваю чаргу следчы, які ўжо не раз выпісваў на гэтага адваката пропуск, запрасіў ягоныя дадзеныя. Верагодна, гэта было зроблена для таго, каб пацягнуць час.

З учорашняга дня і амаль усю ноч Валерыя тэлефанавала ў ІЧУ, каб спраўдзіць ці маці дакладна там. У ІЧУ казалі, што такая грамадзянка не паступала. А 7:30 раніцы Валерыя зноў патэлефанавала ў ІЧУ, дзе на гэты раз ёй увогуле адмовіліся штосьці казаць наконт затрыманых. Відавочна, тое, што Валерыя зʼяўляецца дачкой Галіны і мае поўнае права ведаць, дзе знаходзіцца яе маці, нікога ў ІЧУ не хвалявала, таму яны адфутболілі яе да следчых. Адвакат запэўніў Валерыю, што акрамя як у ІЧУ Галіна не можа нідзе знаходзіцца. У той час больш-менш дакладна было вядома, што галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава знаходзіцца ў ізалятары.

«Было зразумела, што яны там, але афіцыйнага пацверджання гэтаму ніякага не было», – кажа Валерыя Уласік.

Валерыя асабіста паехала ў ІЧУ, каб аддаць перадачу.

«Толькі тады а другой гадзіне дня яны мне пацвердзілі, што ёсць такі чалавек у ІЧУ. Была чарга, пісалі спіскі, заявы, перадачы правяралі. І толькі дзесьці а 16 гадзіне я аддала перадачу», – распавядае Валерыя.

Валерыя тлумачыць, што ўсе вось гэтыя незразумелыя дзеянні сілавікоў сведчаць толькі пра тое, што яны цягнуць час.

«Тыя, хто там знаходзяцца, яны падазраваныя. Яны самі маюць права патрабаваць сустрэчы з адвакатам, але яны не ведаюць, хто іх адвакат. А адвакатаў да іх не пускаюць, каб яны (падазраваныя – заўв. belsat.eu) не даведаліся, хто ў іх адвакат», – тлумачыць Валерыя.

Атрымліваецца, што 8 жніўня Уласік і Золатаву не вывозілі на допыт, а ў дадатак да гэтага яшчэ не далі сустрэцца з адвакатамі.

З момантам затрымання таксама робяцца дзіўныя рэчы: вобшукі пачаліся ранкам каля 7 гадзіны, а ў статусе затрыманай Галіна Уласік ад 12:00. Адвакат пытаўся, куды падзеліся 6 гадзінаў. На гэта ў СК сказалі, што спачатку яна не была затрыманая, яе проста запрасілі на размову, а быццам бы ўжо каля 12 гадзіны яны вырашылі яе затрымаць.

Па логіцы, а 12:00 10 жніўня затрыманых мусяць выпусціць, бо сканчаецца трое содняў з моманту затрымання.

Ключавыя моманты «справы БелТА» па стане на вечар 8 жніўня:

  • 7 жніўня затрыманыя 10 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары;
  • Затрыманымі застаюцца Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік з TUT.BY, як мінімум трое з іх на Акрэсціна;
  • Раніцай 8 жніўня стала вядома, што сёння затрыманых не дапытаюць. Допыт перанесены на заўтра. Адвакатаў да іх не пускаюць – навязваюць дзяржаўных абаронцаў;
  • 8 жніўня СК затрыманыя 4 працаўнікі парталу Realt.by – журналісты Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская і галоўны рэдактар Уладзіслаў Кулецкі, а таксама рэдактар сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і палітычны аглядальнік Павел Быкоўскі;
  • Быкоўскаму і Жукаву далі статус падазраваных, яны застаюцца ў ІЧУ на Акрэсціна на 3 дні;
  • Заснавальніка TUT.BY выклікалі на допыт. Юрый Зісер пад падпіскай аб неразгалошванні;
  • СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 349 КК, журналістаў падазраюць у «незаконным доступе» да платнай падпіскі БелТА;
  • БАЖ і праваабаронцы асудзілі пераслед журналістаў і заклікалі неадкладна ўсіх вызваліць;
  • МЗС Беларусі не бачыць у гэтай справе палітычнага складніку;
  • Еўразвяз выказаў заклапочанасць з нагоды затрыманняў.

ГА, КА, belsat.eu

Стужка навінаў