Да выбараў не выпусцяць? Палітвязню Дзядку могуць дадаць яшчэ год зняволення


Супраць Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне, завялі новую справу – «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі». Хутчэй за ўсё, суд адбудзецца ў зачыненым рэжыме.

Паводле свайго першага выраку, Мікалай Дзядок меўся б выйсці на волю ў сакавіку 2015 года. Новая справа пагражае тым, што турэмны тэрмін працягнуць яшчэ на год. Агулам палітвязень мае больш за 20 спагнанняў. Паводле ягоных паплечнікаў і сваякоў, Мікалая Дзядка караюць за надуманыя парушэнні, напрыклад «няправільна адрэагаваў на заўвагу» ды «парушэнне ўстаноўленай формы вопраткі».

Праваабаронцы звязваюць ціск на Мікалая Дзядка з прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ў 2015 годзе, а практыка павелічэння тэрміну для палітвязняў ужо мела месца ў Беларусі.

Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч нагадвае, што Мікалай Дзядок – не першы палітычны вязень, у дачыненні да якога прымяняюць гэты артыкул: «раней па гэтым артыкуле судзілі Змітра Дашкевіча. Суд над ім адбываўся ў закрытым рэжыме, на тэрыторыі калоніі, там не маглі прысутнічаць ні грамадзяне, ні прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, ні прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Прысутнічалі выключна ўдзельнікі працэсу, то бок сам Дашкевіч і яго адвакат».

Ціск на Мікалая Дзядка не спыняецца літаральна ад моманту ягонага арышту. Апошні раз турэмная адміністрацыя пакарала яго за парушэнне ўстаноўленай для зняволеных формы адзення. Гэта быў цынічны «падарунак» палітвязню на дзень народзінаў, адразу пасля якога яго адправілі ў штрафны ізалятар на 20 дзён. Вязням у ШІЗА не выдаюць матрацаў, коўдраў і бялізны, з сабою дазваляюць узяць толькі пару шкарпэтак, трусы, рабочы касцюм і адну майку. З абутку – толькі тапкі. Большую частку содняў асуджаныя змушаныя праводзіць стоячы – сядзець і ляжаць на падлозе нельга пад пагрозаю новага пакарання. Некалькі разоў на дзень вязняў у ШІЗА абшукваюць, змушаючы поўнасцю распранацца і прысядаць.

Палітвязня Мікалая Дзядка ўзялі пад варту 3 верасня 2010 г., асудзілі 27 траўня 2011 г. Паводле артыкулу аб зацятым хуліганстве. Рашэннем суду ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў