Да сямʼі Лагвінцоў прыйшла «сацыяльная праверка» з папярэджаннем


Настаўніцы 218-й менскай школы прыйшлі да былога намесніка старшыні Руху «За Свабоду» палітолага Алеся Лагвінца і ягонай жонкі Веранікі Мазуркевіч, каб праверыць, ці не знаходзіцца іх сын Уладзімір у «сацыяльна небяспечным становішчы».

Свой візіт педагогі патлумачылі пастановай, якая прыйшла ім з суда. Жанчыны перапісалі мэблю ў кватэры, спраўдзілі, ці ёсць на вокнах фіранкі.

Вераніка Мазуркевіч распавяла, што яны прасілі «патлумачыць паводзіны мужа» і паўплываць на яго.

«Таму што «калі працягнуцца такія выпадкі«, то нашу сямʼю могуць паставіць на ўлік як небяспечную для малога дзіцяці. У любым выпадку, іх прыход быў скіраваны на тое, каб запужаць, нейкім чынам паўплываць на бацькоў, для якіх, безумоўна, самае дарагое – гэта дзеці», – сказала Вераніка Мазуркевіч radyjo.net.

23 сакавіка стала вядома аб брутальным затрыманні Алеся Лагвінца. Сын Алеся Лагвінца Антось распавёў «Белсату» пра падрабязнасці затрымання.

Суд над палітолагам і выкладчыкам, якога суддзя Казак пастанавіла арыштаваць на 10 содняў, адбыўся 27 сакавіка. Супрацоўнік АМАПу сведчыў у судзе, што Алесь Лагвінец ішоў па вуліцы і гучна лаяўся матам, а пры затрыманні сам пачаў біцца галавою аб аўтамабіль, чым і нанёс сабе шматлікія траўмы, пасля якіх яго прышлося шпіталізаваць. Ён адсядзеў 10 содняў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары