Да ўдзельніка маршу недармаедаў, пенсіянера Мікалая Саляніка, ў лякарню прыходзілі міліцыянты


Мікалай Салянік, пенсіянер з Горадні, быў асуджаны 14 сакавіка на штраф у 8 базавых велічыняў пасля маршу недармаедаў у Горадні. Цяпер ён знаходзіцца ў стацыянары з запаленнем лёгкіх. Сёння ўвечары да яго прыйшлі міліцыянты і запрасілі на размову.

Пенсіянер адмовіўся і адаслаў супрацоўнікаў міліцыі «вучыць Канстытуцыю».

«Я нават не ведаю, што яны хацелі, я ім сказаў, што размаўляць не буду, я хворы. Калі вы навучыцеся саблюдаць Канстытуцыю і прыдзеце да мяне, калі я буду здаровы, тады мы з вамі паразмаўляем». 

Пацыенты лякарні, а таксама лекары сталі на падтрымку Мікалая Васільевіча. Людзі пачалі абурацца, крычаць «Ганьба! Што вы робіце?!». Міліцыянты сышлі ні з чым.

«Я так думаю, у іх галоўная задача, – гэта нейтралізаваць мяне да 25-га. Верагодна, мяне хацелі затрымаць. А тут у іх не складаецца так, як яны хочуць».  

У размове з belsat.eu Мікалай Васільевіч падзякаваў усім, хто тэлефануе да яго са словамі падтрымкі.  У пятніцу, 17 сакавіка, ён выклікаў хуткую і трапіў у лякарню.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў