Да Някляева зноў не пусцілі адваката, бо «усе пакоі занятыя»


Да паэта і палітыка Ўладзіміра Някляева, які адбывае 5-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсціна, не пусцілі адваката. Пра гэта «Белсату» паведаміла жонка Някляева Вольга.

«Іх сустрэча была запланаваная на сёння. Але адвакату кажуць, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Хаця мне, канешне, з цяжкасцю ў гэта верыцца», – кажа яна.

Паводле словаў Вольгі, адвакат паскардзілася ёй, што ў яе практыцы такое адбываецца ўпершыню. Акрамя Някляева, адваката таксама не пускаюць да арыштаваных на 15 содняў палітыкаў Паўла Севярынца і Вячаслава Сіўчыка.

«Яны не тлумачаць, калі пакоі вызваляцца, проста кажуць – «чакайце». Зразумела, чакаць на вуліцы ніхто не будзе. Калі не пусцілі раніцай, значыць, сёння шанцу ўжо не будзе»

Учора ўвечары Някляеву стала кепска і ён папрасіў персанал выклікаць хуткую дапамогу. Жонцы патэлефанаваў невядомы чалавек і распавёў, што супрацоўнікі ЦІПа адмовіліся гэта зрабіць.

«Сёння яму вымяралі артэрыяльны ціск, давалі таблеткі… Натуральна, цяжка дакладна сказаць, у якім ён стане цяпер. Цягам дня буду тэлефанаваць у ЦІП»,  – гаворыць Вольга.

Уладзімір Някляеў быў затрыманы АМАПам раніцай 6 траўня каля свайго дома ў Менску. Суд завочна пакараў палітыка 5 соднямі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі Маршы недармаедаў 17 лютага.

Напрыканцы сакавіка Някляеў быў шпіталізаваны з гіпертанічным крызам пасля затрымання берасцейскімі памежнікамі.

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў