Да бюста Калініна прыкруцілі таблічку, актывісты падалі петыцыю супраць помніка


Светлагорскі актывіст Аляксей Блажэвіч падаў у райвыканкам подпісы за дэмантаж помніка Калініну на аднайменнай вуліцы гораду. Тым часам камунальнікі павесілі на помнік таблічку з подпісам – раней бюст «усесаюзнага старасты» быў «ананімны».

Агулам удалося сабраць толькі з тры дзясяткі подпісаў за дэмантаж помніка. Аляксей Блажэвіч распавёў «Белсату», што мясцовыя праваахоўнікі актыўна супрацьдзеялі падпісанню петыцыі.

«Былі пагрозы былі ад жыхароў сталага ўзросту, што выклічуць міліцыю. Яны гэта і зрабілі. Міліцыянты прыехалі на другі дзень збору подпісаў, папярэдзілі, што я парушаю закон, бо назаляю людзям. Праўда, не ўдакладнілі, іх выклікалі, таму што я подпісы збіраў, ці сапраўды, таму што людзям назаляў», – кажа Аляксей.

2

Адзін з камунальнікаў выказаў сваё меркаванне наконт ініцыятывы дэмантаваць помнік: «Гэта ўсё ад гультайства. Чалавеку рабіць няма чаго, то ён лухтой займаецца. Няхай лепей бульбу садзіць, ці прыбярэ смецце ў хвойніку».

Бюст Калініна прывезлі з вёскі Прудок, дзе месцілася сядзіба калгасу імя Калініна. Раней помнік стаяў насупраць клубу, проста ў цэнтры вёскі. Цяпер «усесаюзнага старасту» перанеслі ў Светлагорск, бо калгасу імя Калініна ўжо не існуе, а ў Светлагорску прынамсі засталася вуліца, названая імем камуністычнага функцыянера.

Ядзя Бурштынава для Belsat.eu,

фота аўтара.

Стужка навінаў