Да Брэйвіка ў турме ставяцца «гуманна і з павагаю»


Адвакаты, якія ў працэсе Брэйвіка супраць Нарвегіі бароняць інтарэсы дзяржавы, называюць беспадстаўнаю скаргу на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў турме Андэрса Брэйвіка. У аўторак працягнуўся разгляд апеляцыі на ранейшае рашэнне суда, паводле якога правы тэрарыста ў турме парушаліся.

Летась у красавіку суд Осла пастанавіў, што ўтрыманне Брэйвика цягам амаль пяці гадоў ва ўмовах татальнай ізаляцыі зʼяўляецца парушэннем артыкулу 3 «Забарона катаванняў і бесчалавечнага абыходжання» Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

Галоўны закід да адміністрацыі турмы – неапраўданая ізаляцыя і недахоп сацыяльных зносінаў.

Брэйвік сцвярджае, што ён стаў больш радыкальным падчас свайго зняволення, і хоча мець зносіны з іншымі зняволенымі, каб выправіцца.

«Гэта гучыць лісліва, але я не веру», – каментуе словы Брэйвіка генеральны пракурор Нарвегіі Фрэдрык Сейерстэд (Fredrik Sejersted).

«Ёсць шмат зняволеных, якія могуць напасці на Брэйвіка. Рэгулярныя зносіны з іншымі зняволенымі, магчымыя, але ў далёкай будучыні», – дадае ён.

Адвакат Мар’юс Эбэрлян (Marius Emberland), які прадстаўляе інтарэсы Нарвегіі ў справе, дадае ў судзе:

«Нават да такога чалавека, як Брэйвік, які быў асуджаны за такія жудасныя злачынствы, ставяцца гуманна і з павагаю».

Сейерстэд сцвярджае, што Брэйвік мае змястоўнае жыццё і вольны час у турме, якія ён запаўняе на свой выбар:

«Няма іншага вязня ва ўсёй Нарвегіі, на якога дзяржава выдаткавала б столькі рэсурсаў. Бясспрэчна і тое, што Брэйвік мае лепшыя ўмовы ўтрымання ў турмах, чымся іншыя, проста каб кампенсаваць строгія захады. Няма іншага зняволенага, які марнуе дзве гадзіны супрацоўнікаў кожны дзень, гуляючы ў нарды ды размаўляючы з імі».

Умовы ўтрымання Брэйвіка  ў турме Ш’ен

Асуджаны мае доступ адразу да трох памяшканняў – жылога, навучальнага, а таксама да трэніровачнага залу. Прычым ён зʼяўляецца адзіным зняволеным, якога ўтрымліваець у адмысловым крыле турмы. З прычынаў бяспекі яго ізалявалі ад іншых зняволеных. Правілы Дэпартаменту асабліва высокага ўзроўня бяспекі (SHS) не дазваляюць зняволеным мець доступу да вязняў у іншых аддзелах.

Умовы ўтрымання Брэйвика ў турме Skien.
Фота: CORNELIUS POPPE, NTB SCANPIX
Умовы ўтрымання Брэйвіка ў турме: двор для шпацыру.
Фота: CORNELIUS POPPE, NTB SCANPIX

22 ліпеня 2010 г. Андэрс Брэйвік (Anders Breivik) учыніў выбух ва ўрадавым квартале сталіцы Нарвегіі, у выніку якога загінулі восем асобаў. Пасля ён расстраляў 68 удзельнікаў моладзевага летніку, які зладзіла кіроўная Лейбарысцкая партыя Нарвегіі на паўночны захадзе ад Осла, на выспе Утэя (Utøya).

Чытайце пра справу Брэйвіка па спасылцы.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў