Да «Белсату» звярнуўся прэзідэнт Польшчы


Урачыстае ўручэнне ўзнагародаў на фестывалі «Мастацтва факту» у польскім Торуні. Фота – Мілаш Дабжыньскі/Белсат

Ліст Анджэя Дуды з віншаваннямі нашаму каналу быў зачытаны на фестывалі «Мастацтва факту» у Торуні. «Белсат» атрымаў на ім адмысловую ўзнагароду.

«Белсат» атрымаў адмысловую ўзнагароду фестывалю «Мастацтва факту» у польскім Торуні – напярэдадні дзесяцігоддзя каналу.

«Гэта першы акт нашага святкавання 10-годдзя. Як дзіўна гэта не было б (нават мне), нашаму каналу ўжо дзесяць гадоў. Мы вытрывалі ў цяжкіх умовах і – самае важнае – расцем, а нас – глядзяць», – заявіла падчас атрымання ўзнагароды дырэктар тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Ліст да «Белсату» скіраваў Анджэй Дуда. Прэзідэнт Польшчы павіншаваў Агнешку Рамашэўскую-Гузы з юбілеем дзейнасці каналу, падкрэсліў, што «Белсат» – «выбітная візітоўка польскай адкрытасці і салідарнасці» ды выказаў упэўненасць, што канал будзе развівацца і надалей, «спрыяючы беларуска-польскім стасункам».

Сёлетні фестываль «Мастацтва факту» праходзіць пад слоганам «Партрэты палякаў – позірк у люстэрка». Ён ладзіцца ў Торуні ўжо ў пяты раз. Усе пяць гадоў у конкурснай праграме фестывалю бралі ўдзел аўтары «Белсату».

«Упэўненая, што дакументальныя фільмы і рэпартажы – каралі сучаснага тэлебачання», – дадала Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Злева направа: Адна з дыскусіяў у межах сёлетняга фестывалю „Мастацтва факту”. Польскі рэпартэр Марэк Мілер, журналісты Пётр Сквеціньскі і Каміль Басай. Мадэратар дыскусіі – дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота – Мілаш Дабжыньскі/Белсат

Гэтак, фільм Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў» атрымаў летась галоўную ўзнагароду фестывалю.

Саундтрэк да рэпартажу пра пленэр, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам, напісаў журналіст «Агляду падзеяў культуры» на «Белсаце», музыка Андрусь Такінданг.

ДД

Глядзі таксама
Каментары