Ад Белавіі да БелАЗа. Беларусь распрадае паўтысячы прадпрыемстваў


МЗКЦ – адно з 514-і прадпрыемстваў, якія Беларусь гатовая прадаць.

Набыць можна нават акцыі БТ-2. Канчатковае рашэнне па продажы прыме Лукашэнка.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці аб’явіў пра пачатак працаў па продажы акцыяў акцыянерных таварыстваў і прадпрыемстваў, доляй якіх валодае дзяржава.

Дзяржава гатовае прадаць свае акцыі такіх ААТ і прадпрыемтсваў як «Белавія», Беларуськалій, Нафтан, БелАЗ, МАЗ, БАТЭ, Атлант, Гомельдрэў, Гомсельмаш, Керамін і нават «Другі нацыянальны канал».

Таксама да прыватызацыі прапануецца цэлы шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу – барысаўскія «140-ы рамонтны завод» і «2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення», баранавіцкі «558-ы авіяцыйны рамонтны завод», Менскі завод колавых цягачоў і «КБ Радар».

У дзяржкамітэце па маёмасці нагадалі, што рашэнне па продажы акцыяў акцыянерных таварыстваў і прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве, прымае прэзідэнт.

Вызначэнне рынкавай ацэнкі акцый ажыццяўляецца пасля прыняцця рашэння прэзідэнта па іх продажы, падае «Інтэрфакс» са спасылкай на прэсавую службу Дзяржкаммаёмасці.

Заявы патэнцыйных інвестараў (пакупнікоў) аб зацікаўленасці ў куплі абʼектаў прыватызацыі неабходна накіроўваць у Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Заявы, якія паступяць, разгледзіць адмысловая камісія, якая падрыхтуе прэзідэнту прапановы аб мэтазгоднасці продажы.

Спіс адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія дзяржава гатовая прадаць, будзе апублікаваны на старонцы камітэту па маёмасці.

ДД; фота: Раміль Насібулін

Глядзі таксама
Каментары