У доме аршанца Рамана Кузмянкова адбыўся ператрус, хоць фармальна паводле дакументаў – агляд. Міліцыянты заявілі, што ладзяць праверку паводле ананімнага паведамлення аб абразе.
Праверку ў дачыненні аршанца ладзяць за нібыта абразу мясцовага чыноўніка. Прадстаўнікі Аршанскага РАУС так і не патлумачылі, каго канкрэтна абразілі і якім чынам, але паведамілі, што паступіла ананімнае паведамленне.
Міліцыянты вынеслі з дому Рамана камп’ютар, друкарку, здымны дыск ды флэшку.
Мужчына лічыць, што гэткія дзеянні звязаныя з ягоным адзіночным пікетам, які адбыўся 14 траўня на плошчы Леніна ў Воршы.
Увечары таго ж дня аршанца выклікалі ў Следчы камітэт. Размова працягвалася каля 40 хвілін, падчас яе мужчыну распытвалі пра лісты ў райвыканкам ды адзіночны пікет. На 17 траўня прызначылі чарговую сустрэчу. Усё гэта Раман Кузмянкоў называе спробай запужаць яго.
Раман Кузмянкоў выйшаў на пікет з самаробнай шыльдаю, на якой напісаў «По 500 тут нет». Праз 15 хвілінаў яго затрымалі ды аштрафавалі на 490 рублёў. Свой выхад на плошчу ён патлумачыў цяжкім становішчам з працай ды нізкімі заробкамі ў горадзе, а таксама салідарнасцю з незалежным прафсаюзам РЭП.
Віктар Старавойтаў, belsat.eu