Да 2020 года БЧ плануе пусціць цягнікі бізнес-класу ва ўсе абласныя цэнтры


За апошні час Беларуская чыгунка набыла 18 цягнікоў Stadler для арганізацыі перавозак пасажыраў паміж Менскам і Заслаўем, Смалявічамі і Рудзенскам, у рэгіянальным і міжрэгіянальным паведамленнях бізнес-класа.

«Тэхнічныя характарыстыкі гэтых цягнікоў дазваляюць перавозкі з больш высокімі хуткасцямі пры забеспячэнні камфортных умоваў», – распавёў начальнік пасажырскай службы БЧ Аляксандр Захарэвіч.

Ён дадаў, што дзякуючы хуткасці, БЧ зможа канкураваць з аўтатранспартам. Напрыклад, адлегласць ад Менску да Гомля такі цягнік пераадольвае за 2 гадзіны 59 хвілін.

Цяпер такія цягнікі курсуюць з Менску да Гомля і Берасця, аднак у планах звязаць такімі цягнікамі ўсе абласныя цэнтры са сталіцай.

Да таго ж БЧ набыла 13 сучасных адна- і трохвагонных дызель-цягнікоў для перавозак пасажыраў у рэгіянальным і міжрэгіянальным паведамленнях бізнес-класа на неэлектрыфікаваных участках чыгункі.

У планах набыццё яшчэ 10 цягнікоў на электрацязе і 6 шасцівагонных дызель-цягнікоў. Апошнія будуць выкарыстоўвацца на напрамках Менск – Віцебск, Менск – Горадня і Менск – Магілёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў