Цётка вітала гасцей у бібліятэцы, а Ананіч раздавала прэміі на сцэне


У Шчучыне прайшоў Дзень беларускай пісьменнасці.

Святкаванне ХХІІ Дня пісьменства расцягнулася на два дні – 5-6 верасня. Пасля ганаровага адкрыцця фестывалю прайшла прэзентацыя адноўленага будынку раённай бібліятэкі, якая носіць імя Цёткі. У стылізаваным пад пачатак ХХ стагоддзя інтэр’еры прысутных вітала дзяўчына ў мадэрнай сукні, якая грала ролю паэткі.

Важнай падзеяй фестывалю стала ўручэнне першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яе намінантамі сталі, аднак, не 7, як папярэдне планавалася, а 6 творцаў: намінацыя «дэбют» не знайшла свайго пераможцу. Прэмія стала плёнам супольных намаганняў Міністэрства інфармацыі ды афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў, таму на свята завіталі міністарка інфармацыі Лілія Ананіч ды старшыня пісьменніцкага саюзу Мікалай Чаргінец.

У межах фестывалю прайшлі таксама фотавыстава, «міні-фестываль» кнігі і прэсы на плошчы Свабоды, выступы народных калектываў, вернісаж творчасці мастакоў і рамеснікаў ды інш.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў