Цынк з Данбасу. Пад Менскам пахавалі спецназаўца з 5 брыгады, які ваяваў на баку ДНР


«Белсат» пабываў у вёсцы былога спецназаўца, якога забілі на Данбасе.

Галоўны ідэалагічны падмурак афіцыйнага Менску – слоган пра тое, што ў нас няма вайны. Але гэта зусім не так. Вайна, якая ідзе паміж Украінаю і Расеяй, ужо тут, у Беларусі. Праз георгіеўскія стужкі, якія сталі сімвалам акупацыі Данбасу, праз дзясяткі тысяч уцекачоў, праз забітых беларускіх грамадзянаў, якія вяртаюцца дамоў у цынках з украінска-расейскай мяжы.

Вадзім Васілеўскі, прафесійны беларускі спецназавец, не дажыў да 35-годдзя менш як 2 месяцы. Яго пахавалі 12 ліпеня. Яшчэ месяц таму яго бачылі ў бацькоўскай вёсцы. Пра тое, што ён едзе ваяваць на Данбас, кажуць, ніхто не ведаў. Паводле сяброў, ён загінуў на мяжы Растоўскай вобласці.

«Калона ішла і снарад трапіў наўпрост у машыну. Яго на кускі па частках збіралі, пазналі толькі па тату, што гэта ён і па радзімках. Ну, бацькі ж ведаюць, вядома», – кажа Віталь, сябра Вадзіма Васілеўскага.

Васілеўскі служыў у армейскім спецназе, 5 брыгадзе адмысловага прызначэння. Звольніўся каля 5 гадоў таму ў званні капітана. У яго засталіся 2 дзяцей, жонка, бацька і маці.

«Былі з ім саслужыўцы, вайскоўцы неслі труну і ў царкву, і з царквы. Колькі тут да могілак, кіламетра 2 з паловаю, неслі на руках труну», – працягвае Віталь.

На пытанне, чаму Васілеўскі паехаў на Данбас, сябар адказвае:

«Адным словам – салдат удачы. Яму падабалася ўсё вайсковае».

Пасля звальнення з 5 брыгады Васілеўскі працаваў інструктарам у Цэнтры адмысловага рыхтавання “Дынама”. На Данбасе ён ваяваў на баку ДНР. Першае паведамленне пра ягоную смерць з’явілася ў верасні 2014 года. Аднак прынамсі да красавіка 2015 году ён змяшчаў допісы на сваім профілі ў “Фэйсбуку”. То бок ён браў удзел у баявых дзеяннях мінімум каля года і працаўнікі спецслужбаў мусілі ведаць пра факт наёмніцтва, але замест гэтага зацікавіліся нашаю працаю.

Падчас рыхтавання гэтага рэпартажу і спробы паразмаўляць з камандаваннем 5 асобнай брыгады нашую здымачную групу затрымалі, у нас сканфіскавалі флэш-карту з відэакамеры з часткаю адзнятых матэрыялаў. Працаўнікі Камітэту дзяржбяспекі распачалі правяранне паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу па факце нашых здымкаў.

Але нягледзячы на гэта мы лічым важным распавесці гісторыю Вадзіма Васілеўскага, якая мусіць быць узорам тым, для каго вайна ва Украіне не толькі трагедыя, але і палігон для здзяйснення ўласных амбіцыяў.

Аркадзь Несцярэнка, Алесь Любянчук

Стужка навінаў