Цяжкасці перакладу: калі вавёрка становіцца бабром, а відэлец – цвіком


Мінакам на вуліцах Магілёва прапанавалі перакласці тры словы з беларускай мовы на расейскую. Што з гэтага атрымалася?

У Магілёве адбылася акцыя «Салодкі дзень ведаў», прымеркаваная да 1 верасня і арганізаваная Cukerki.by і Таварыствам беларускай мовы. У падземным пераходзе на плошчы Леніна, каля ЦУМа ды ў іншых шматлюдных месцах гораду валанцёры прапаноўвалі магілёўцам перакласці тры слова з беларускай мовы на расейскую і за гэта частавалі цукеркамі. Для перакладу падабралі дзесяць набораў па тры словы – усяго 30 словаў.

«Звычайныя пабытовыя словы абсалютна незнаёмыя магілёўцам, напрыклад, «сподачак» (рас. блюдце) і «келіх» (рас. бокал) выклікалі ступар, слова «слоік» (рас. стеклянная банка) часта чыталі як слоўнік, а калі чыталі правільна, то перакладалі як «слоёнка», «пирог». Але самыя нечаканыя пераклады былі ў слова «відэлец» (руск. Вилка)» гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Дымкоў.

Магілёўцы выдатна перакладалі словы са школьнай праграмы: цукар, дзякуй, калі ласка, вавёрка, настаўнік, мова, сшытак, аловак, падручнік. Аднак былі і «складанасці перакладу». Магілёўскі сайт gorad.by апублікаваў Топ-10 нечаканых перакладаў:

  • Відэлец (рас. вилка) – видео, ведущий, свидетель, зеркало
  • Кола (рас. колесо, круг) – кока-кола
  • Кавун (рас. арбуз) – топор, кабачок
  • Вавёрка (рас. белка) – бобёр
  • Гузік (рас. пуговица) – гвоздь, пряник, узел
  • Нядзеля (рас. воскресенье)– понедельник, неделя
  • Сэнс (рас. смысл) – сеанс
  • Верасень (рас. сентябрь) – осень
  • Падлога (рас. пол) – подставка, коврик, лавочка, порог
  • Ветразь (рас. парус) – ветер

Лепш за ўсіх з задачай справіліся школьнікі. Некаторыя дарослыя пры няўудачы са шкадаваннем тлумачылі, што вучылі беларускую мову даўно, у школе, і ўжо забылі яе.

Як яшчэ актывісты намагаюцца заахвоціць беларусаў вывучаць родную мову, глядзіце ў матэрыяле «Аб’ектыву».

МЛ, паводле gorad.by

Стужка навінаў