Польская чыгуначная кампанія: Цягніка з Менску да Варшавы ад сакавіка не будзе


Кампанія «Інтэрсіці» хоча скараціць легендарны цягнік Менск-Варшава. Беларускія чыгуначнікі кажуць, што рашэння пакуль няма і перамовы працягваюцца.

У прэс-службе польскай кампаніі «Інтэрсіці» «Белсату» паведамілі, што скасуюць маршруты цягнікоў № 115 і 116 праз «аптымізацыю маршрутаў і выдаткаў». «Выдаткі на абслугоўванне былі большыя, чымся прыходы. Мы разумеем важнасць гэтага маршруту, але застаецца цягнік «Паланез». Калі попыт значна павысіцца, то мы павялічым колькасць вагонаў у складзе», – паведамілі ў прэс-службе. У такім выпадку даехаць у польскую сталіцу чыгункаю можна будзе толькі цягніком «Паланез» з Масквы.

Тым часам беларускі бок не атрымоўваў ніякіх афіцыйных паведамленняў пра рашэнне адмяніць маршрут. Пра гэта распавёў TUT.BY першы намеснік кіраўніка Службы пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.

Па яго словах, прадстаўнікі Беларускай чыгункі зараз рыхтуюцца да сустрэчы з польскімі калегамі, на якой і будзе вырашацца лёс цягніка. «Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае», адзначыў Кашко.

У «Інтэрсіці» не выключаюць, што праз нейкі час цягнікі Менск-Варшава ізноў пачнуць курсаваць. Але – не ў 2015 годзе.

Праз вялікую папулярнасць у беларусаў цягнік Менск-Варшава можна назваць легендарным. Гурт «Крама» нават прысвяціў яму песню.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў