За год беларусы заплацілі штрафаў на $ 23 млн


Гэтая сума параўнальная з выручкай ад экспарту беларускіх тавараў у Таджыкістан. Вярхоўны суд заклікае «не дапускаць выпадкаў неабгрунтаванага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці».

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, найбольш адміністрацыйных справаў – гэта парушэнні правілаў дарожнага руху, па якіх рашэнні прымае ДАІ. У судах жа найчасцей караюць грамадзянаў за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, дробнае хуліганства і нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў.

Вярхоўны суд зладзіў аналіз прымянення Адміністрацыйнага кодэксу. У 2013 годзе да адказнасці паводле КаАП прыцягнулі больш за 3,5 млн асобаў ды аштрафавалі беларусаў на суму больш за Br 211 млрд.

«Адна з галоўных задач, што стаяць перад судамі – выключыць выпадкі неабаснаванага прыцягнення не толькі да крымінальнай, але і да адміністрацыйнай адказнасці», – заявіў падчас Пленуму намеснік Старшыні Вярхоўнага суда. Ён заклікае «на практыцы» захоўваць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Але ці захочуць пачуць гэты заклік шараговыя суддзі?

Палітычнае пытанне

У статыстыках Вярхоўнага суда няма такога паказчыку, як «палітычны пераслед». Хоць на практыцы менавіта суды з’яўляюцца інструментам для задушэння іншадумства.

Дзеля запалохвання апазіцыянераў, міліцыянты здзейсняць прэвентыўныя затрыманні – напярэдадні візітаў высокіх чыноўнікаў з іншых краінаў, масавых імпрэзаў і святаў.

Падчас канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве праваабаронца Валянцін Стэфановіч выступіў з дакладам «Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі». Паводле адмыслоўцы з праваабарончага цэнтру «Вясна», такія затрыманні праводзяцца «выключна грунтуючыся на прыналежнасці людзей, якія затрымліваюцца, да той ці іншай апазіцыйнай структуры. Прэвентыўныя затрыманні – адрасныя, міліцыя, без сумневаў, ведае тых, каго затрымлівае».

«Для такіх затрыманняў адсутнічаюць усялякія падставы і затрыманым не прадстаўляецца прававая дапамога, а таксама не паведамляецца ніякая інфармацыя пра іх затрыманні родным. У аснову спраў жа кладуцца выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі», – канстатуе праваабаронца.

І з журналістаў збіраюць у «штрафную скарбонку»

25 верасня журналістка Марына Маўчанава з Бабруйску атрымала штраф за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». У гэтым выпадку ўлады скарысталі з «паслугаў» суддзі не толькі дзеля таго, каб запалохаць журналістаў, але і папоўнілі дзяржаўную скарбонку: журналістка мае заплаціць штраф у памеры Br 4,8 млн,

У падобнай сітуацыі апынуўся і іншы наш калега – Алесь Залеўскі, якога аштрафавалі за рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары