ЦВК зарэгістраваў чатырох кандыдатаў: Гайдукевіча, Караткевіч, Лукашэнку ды Улаховіча


Чальцы Цэнтрвыбаркама адзінагалосна прынялі рашэнне зарэгістраваць кандыдатамі на прэзідэнта чатырох прэтэндэнтаў: Сяргея Гайдукевіча, Таццяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Мікалай Улаховіча.

Чытайце таксама: Выбарчыя праграмы: Улаховіч – за мір на зямлі, Гайдукевіч – за беларускую мову, Караткевіч «падымае» заводы

Зарэгістравацца спрабавалі таксама Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская. Паводле ЦВК, за Цярэшчанку сабрана менш за 7 тысячаў подпісаў, за Раманоўскую – менш за тысячу, а для рэгістрацыі ў якасці кандыдата трэба здаць не менш за 100 тысячаў подпісаў.

Сапраўднымі прызнаныя 139 тыс. 877 подпісаў, сабраных за старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, 105 тыс. 278 – у падтрыманне актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч, 1 млн 753 тыс. 278 – у падтрыманне дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, 149 тыс. 819 – за старшыню Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Мікалая Улаховіча.

Падчас уручэння пасведчання аб рэгістрацыі кандыдатам Таццяна Караткевіч сказала: «Лукашэнка сёння стаміўся. Яму трэба адпачыць. Так будзе лепш для ўсіх. Мірныя перамены! Толькі так!»

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары