Твае 5 капеек – і будуем завод


У Менску сёння распачалася першая міжнародная канферэнцыя па краўдэканоміцы – мастацтве шыць кашулю, калі «нітку да ніткі» збіраюць з дапамогай «Mastercard».

Дробязі не знойдзецца?

Краўдбізнэс з’явіўся ў Беларусі два гады таму, калі пачала працу першая краўдфандынгавая пляцоўка «Талака». На шпалеры і лінолеум у школах здавалі, праўда, ужо ў дзевяностыя, але гэта не краўдфандынг, а вымагальніцтва. Савецкія і цяперашнія суботнікі – гэта звычайны шантаж: паспрабуй не прыйдзі. Краўдфандынгу бліжэй да класічнай беларускай талакі – калі вёска дапамагала каму-небудзь пабудаваць хату або сабраць ураджай. Такіх памочнікаў трэба было абавязкова добра накарміць і напаіць. Нашыя продкі падчас супольнай працы спявалі:

Талачу, талачу – не талочыцца,

Не даюць гарэлкі – выпіць хочацца.

Цяпер аддзячыць можна не толькі чаркай і скваркай. Калі згарэў хутар Змітра Вайцюшкевіча, музыка заклікаў у Вайцюшкі валантэраў абяцаннямі паспяваць песні пад гітару ля вогнішча.

Краўдфандынг сёння – гэта больш пра грошы, чым пра працу. Аўтары арыгінальных ідэяў дзеляцца ў інтэрнэце планамі напісаць кнігу, зняць фільм або даплыць на дзвярах да Чорнага мора. Калі задума даспадобы – пералічваеш колькі можаш. Гэта не дабрачыннасць. Ахвярадаўцамі на аперацыю ў Нямеччыне для хворага сыночка кіруе міласэрнасць, краўдфундатарамі – асабісты інтарэс. Грошы на праекты пералічваюць за прысутнасць у фінальных цітрах, экзэмпляр кнігі з подпісам аўтара або за дзякуй са сцэны падчас канцэрту. Сёння краўдфандынг – гэта па сутнасці размова з інвестарам, калі інвестар – кожны інтэрнаўт.

Натуральна, існуе рызыка, што ідэю могуць скрасці тыя, хто ўжо мае грошы на яе рэалізацыю. Але скрасці могуць і пазней. Эрык Мігікоўскі ў 2012 годзе апублікаваў на «Kickstarter» ідэю разумнага гадзінніка. Грошы вынаходнік сабраў цягам 2 гадзінаў, і неўзабаве выпусціў першыю партыю смарт-прылады «Pebble». Але сёння ў масавай свядомасці гэта прадукт асацыюецца выключна з гадзіннікамі «Apple».[/vc_column_text][vc_column_text]

Салат за $50 000

Беларусь толькі прызвычайваецца да новай мадэлі камерцыі, і праходзіць першы этап: на краўдфандынгавых платформах большасць ідэяў – культурніцкія і сацыяльныя. У гэтым месяцы на «Вуллі» менскія блюз-рокеры «The Road Dogs» збіраюць сродкі на свой першы кліп. Музыкі абяцаюць, што ў ім здымецца кожны ахвярадаўца. «Разбітае сэрца пацана» збірае грошы на новы альбом. Дапамагчы музыкам можна нават 10 тысячамі рублёў – за гэта можна будзе спампаваць альбом, калі ён выйдзе. За 10 мільёнаў «РСП» прыедзе з канцэртам да вас дадому.[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=1zC7zN3qmLQ”][vc_column_text]На «Талацэ» можна дапамагчы адправіць прафесійных кіроўцаў на ралі «Парыж–Пекін-2016», пабудаваць ветравую ўстаноўку альбо змяніць негатыўны імідж ордэну езуітаў у Беларусі.

На замежных краўдфандынгавых сайтах сядзяць бізнесоўцы са стартапамі, вынаходнікі з шалёнымі ідэямі і проста людзі з пачуццём гумару. У Штатах на найбуйнейшай краўдфандынгавай платформе «Kickstarter» хлопец папрасіў супольнасць дапамагчы прыгатаваць бульбяны салат за 10 долараў, а сабраў 50 тыс. Інтэрнаўты даюць веры ва ўтапічныя ідэі больш ахвотна, чым аналітыкі інвестфондаў. Адна амерыканская пара абвесціла збор сродкаў на пакрыццё ўсіх хайвэяў у ЗША сонечным панэлямі, каб заспакоіць патрэбы ў электраэнергіі ва ўсёй краіне. Праект нечакана сабраў $10 млн, а аўтараў запрасіў на перамовы Барак Оўбама. Які, дарэчы, збіраў грошы на сваю першую прэзідэнцкую кампанію таксама праз краўдфандынг.[/vc_column_text][vc_column_text]

Хапай грошы і бяжы

На канферэнцыі ў Менску выступіць, між іншым, Якуб Собчак, стваральнік польскай краўдфандынгавай пляцоўкі «PolakPotrafi». Летась у размове з журналістамі Собчак казаў:

«Краўдфандынг – гэта не ідэя «хапай грошы і бяжы», але будова супольнасці вакол праекту, эмацыянальнае ўцягванне ахвярадаўцаў, навязванне новых кантактаў. З іншага боку, краўдфандынг – першая праверка ідэі, тэставанне рынку і аргумент для будучых інвестараў».

Праз ягоную платформу прайшло амаль 2 тыс. праектаў, карыстальнікі сабралі каля $ 2,5 млн. Палякі прайшлі перыяд накаплення капіталу, і цяпер гатовыя дзяліцца.

Госці менскай канферэнцы пачуюць, між іншым, выступы спікераў на тэмы «Краўдфандынгавая рэвалюцыя», «Ці ёсць месца краўдфандынгу ў прававым полі Беларусі?» і «Краўдфандынг. Будучыня».

Будучыня – гэта тое, што хвалюе аматараў руху найбольш: на краўдпляцоўкі актыўна зазіраюць буйныя карпарацыі. Фірмы сочаць за цікавым праектамі і паспяховым прапануюць поўнае фінансаванне – натуральна, за рэкламу. У гэты момант памірае сама ідэя «краўд», калі мноства народу прыносіць па капейчыне.

У Беларусі краўдфандынг па сутнасці створаны буйным бізнесам: «Вулей» – праект «Белгазпрамбанка», платформай кіруе сын старшыні праўлення Віктара Бабарыкі, Эдуард.

Аднак, для карыстальнікаў платформы такая сувязь – гарантыя, што грошы не растаюць у паветры, бо за іх бяспеку адказвае сур’ёзная фінансавая інстытуцыя. На «Вуллі» дзейнічае звычайны прынцып «усё альбо нічога». Калі праект не збірае патрэбнай сумы, сродкі вяртаюцца фундатарам. Калі збірае – «Вулей» з банкам забіраюць агульную камісію 12% з сабранага капіталу. Грошы пералічваюцца аўтарам праекту на падставе дамовы дарэння. Таксама прыйдзецца заплаціць падаходны падатак дзяржаве ў памеры 13%.

Арганізатарам менскай канферэнцыі таксама з’яўляецца «Белгазпрамбанк». Сусветны бюджэт краўдфандынгу ў 2013 годзе склаў больш за 5 млрд долараў. У сто разоў менш за рынак какаіну, але ёсць за што біцца.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў