Cкандальна вядомы футбаліст Арцём Мілеўскі стаў гульцом берасцейскага «Дынама»


32–гадовы нападаючы Арцём Мілеўскі вярнуўся на радзіму: 6 ліпеня ўраджэнец Менску падпісаў дамову тэрмінам 1,5 гады з берасцейскім «Дынама».

У 15 гадовым узросце Мілеўскі зʼехаў у Кіеў, і адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, грымнуў скандал, у вырашэнні якога прыняў удзел асабіста прэзідэнт ФІФА Зеп Блатэр. У выніку футбаліст прыняў украінскае грамадзянства, і зрабіў на новай радзіме добрую кар’еру. Прынамсі Мілеўскі дабраўся са зборнай Украіны да ¼ фіналу чэмпіянату свету, а з украінскай маладзёжнай зборнай Мілеўскі стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы.

У кіеўскім «Дынама» Арцём правёў 11 сезонаў, выйграў тры тытулы чэмпіёна Украіны, 3 Кубкі і 4 Суперкубкі Украіны, станавіўся лепшым бамбардзірам чэмпіянату Украіны. Кіеўскі клуб Мілеўскі пакінуў са скандалам, пасварыўся з галоўным трэнерам Алегам Блахіным. А за наступныя чатыры гады нападаючы змяніў пяць каманд, Арцём паспеў пагуляць за турэцкі «Газіянтэспорт», харвацкія «Хайдук» і «Спліт», румынскую «Канкордыю», расейскі «Тосна».

Усю карʼеру Мілеўскага пераследавалі скандалы, яго вінавацілі ў парушэнні спартыўнага рэжыму і пʼяных дэбошах. У 2008 годзе за гэта кіеўскае «Дынама» аштрафавала Мілеўскага на 100 тысяч долараў. Акрамя іншага пару гадоў таму Мілеўскі разбіў свой «Ферары», а «Мазэраці» гульца спалілі невядомыя.

Адразу пасля падпісання кантракту Мілеўскі заявіў на афіцыйным сайце берасцейскага «Дынама»:

«На працягу ўсёй карʼеры мяне не пакідала думка, што аднойчы я ўсё ж такі вярнуся на Радзіму і сыграю ў чэмпіянаце Беларусі. Я вельмі рады і задаволены, што ўсё так склалася».

Нагадаем, што ў гэтым сезоне берасцейскае «Дынама» выйграла Кубак Беларусі, але ў чэмпіянаце Беларусі ў каманды Уладзіміра Журавеля справы ідуць не вельмі добра, пасля паловы дыстанцыі «Дынама» ідзе дзясятым.

АС, belsat.eu; фота – dynamo-brest.by

Стужка навінаў