Цішыня Крэўскага юбілею. 630 угодкі ўніі прайшлі незаўважанымі


630 угодкі Крэўскай уніі прайшлі незаўважанымі.

Дынастычны саюз паміж Вялікім княствам літоўскім і Польскай Каронай прыняты ў Крэве 14 жніўня 1385 г. забылі. Калі мы здымалі «Загадкі беларускай гісторыі» у Крэўскім замку, тагачаснай дзяржаўнай рэзідэнцыі, там было настолькі ціха, што можна было пачуць, як падаюць камяні з руінаў муроў. Угодкі сёння мінулі. Не было святочных канцэртаў ці рыцарскіх турніраў, навукоўцы не зладзілі канферэнцыяў а мастакі пленэраў. На паркінгу каля замку не было турыстычных аўтобусаў з Польшчы ці Літвы і Украіны.

Чаму юбілей прайшоў незаўважаным? Чым для дзяржавы нашых продкаў была ўнія з Польшчаю – свядомым выбарам арыентацыі на Заходнюю Еўропу ці рэалізацыяй асабістых амбіцыяў Ягайлы? Ці ўнук Гедыміна быў дзяржаўным здраднікам ці стратэгам, які глядзеў далёка наперад? Каму саюз быў больш патрэбны – Польшчы ці Літве? Якія спрэчкі гістарычная падзея выклікае сёння? Ці беларусам варта адзначаць угодкі? Як мы можам выкарыстаць спадчыну Крэўскай уніі? Ці магчымы новы саюз дзяржаваў паміж Балтыйскім і Чорным морам?

[vc_single_image image=”368452″ img_size=”large”]

На пытанні Сяргея Пелясы* адказваюць прафесар, доктар гістарычных навук, археолаг Аляксандр Краўцэвіч і гісторык з Музею гісторыі Польшчы, публіцыст Лукаш Ясіна.

Крэўская ўнія, як яе ацэньваць сёння?

А. Краўцэвіч: Два важнейшыя аспекты:

1. Ягайла пра Крэўскую ўнію, а менавіта праз абяцанне прыняцця хрысціянства па каталіцкаму абраду, рэалізаваў свядомы палітычны выбар па далучэнні Вялікага княства літоўскага (Беларусі, Летувы, Украіны) да заходнееўрапейскай цывілізацыі.

2. Дэкларацыю інкарпарацыі ВКЛ у Польскае каралеўства (калі яна сапраўды мела месца) з сённяшняга пункту гледжання можна ацаніць як акт дзяржаўнай здрады.

Ягайла, у адрозненне ад сваіх бацькі і ад дзеда Гедыміна якім прапаноўвалі зрабіць ВКЛ каралеўствам, прыняў польскую прапанову і стаў каралём іншай дзяржавы. Ён не працаваў над тым каб падняць ранг краіны і зрабіць яе каралеўствам, але ўзяў курс на яе ліквідацыю.

Л.Ясіна: Падчас свайго вельмі доўгага панавання, а ён найдаўжэй кіраваў у Польшчы за ўсё гісторыю – 47 гадоў, Ягайла шматкротна ставіў літоўскі інтарэс перад польскім інтарэсам. Ён ніколі не здрадзіў сваю дзяржаву Літву, хаця быў лаяльным да Польшчы манархам. Ён ніколі не забыў адкуль ён паходзіў. Не забылі пра гэта і ўсе астатнія каралі з дынастыі Ягелонаў а таксама элекцыйныя каралі. Палякі ніколі не рызыкнулі аж да канца 18 ст. цалкам адмовіцца ад самастойнасці ВКЛ.

[vc_single_image image=”368454″ img_size=”large”]

А. Краўцэвіч: З аднаго боку ўнія спыніла экспансію Тэўтонскага ордэна, але з другога дала пачатак польскай экспансіі ў Беларусь. Пазней, у часы люблінскай уніі палякі імкнуліся ліквідаваць самастойнасць ВКЛ, але гэтага ім не далі зрабіць літоўскія магнаты.

Л.Ясіна: Гэта была найважнейшая ўнія, бо яна была першая. Без яе не было б саюзу, які працягваўся 500 гадоў. Гістарычна гэты саюз жыве і сёння ў Беларусі, Літве, Польшчы і ва Украіне. Да сёння ўнія выклікае шмат спрэчак. У тэксце крэўскага Акту выкарыстоўваецца лацінскае слова applicare, якое азначае «далучэнне» ВКЛ да Польшчы. Гэта справа да сёння выклікае канфлікты польскіх і летувіскіх гісторыкаў, хаця ў выніку гэта была толькі дынастычная ўнія. Чарговая праблема – Крэўская ўнія не надта патрэбная для гістарычнай памяці ні палякам ні летувісам.

Палякі маюць свае «вузлы памяці» – вялікія бітвы, Гарадзельскую ўнію, Люблінскую ўнію а летувісы адкідаюць спадчыну Рэчы Паспалітай. Атрымліваецца, што толькі беларусы памятаюць пра ўгодкі Крэва. Гэта адно з важных месцаў побач з Наваградкам і Горадняй для літоўска-польскага саюзу на тэрыторыі Беларусі.

[vc_single_image image=”368453″ img_size=”large”]

Ці гэта быў свядомы выбар далучэння да Заходняй цывілізацыі ці ўласныя амбіцыі Ягайлы атрымаць польскую карону?

А. Краўцэвіч: Прыняцце ўніі Ягайлам – прыватны карерны выбар, які меў стратэгічныя наступствы. Унія дапамагла стварыць саюз Ягайлы і Вітаўта ў вайне з Тэўтонскім ордэнам. Пасля Крэўскай уніі ўпершыню за 200 гадоў польскія войскі з’явіліся на землях гістарычнай Літвы. Для параўнання раней літоўскія войскі даходзілі аж пад Кракаў.

Л. Ясіна: Гэта нешта сярэдняе. Той факт, што Ягайла прыняў такое рашэнне гэта супадзенне. Ядвіга магла не пагадзіцца (С.П.выйсці замуж за Ягайлу), яе маці магла не пагадзіцца, польскія панове маглі не пагадзіцца. Вільгельм Габсбург, з якім Ядвіга была заручаная, мог контратакаваць. Ягайла не меў памкнення змяняць усходняга характару ВКЛ. Ён не хацеў мяняць праваслаўя, як дамінуючага веравызнання. Гэта быў чалавек глыбока звязаны з усходняй культурай. Яго выхавала маці – цвярская княжна Ульяна. Гэта не было толькі рашэнне Ягайлы, але і польскіх паноў, якія ўладарылі. Яны перакрочылі тагачасны геапалітычны далягляд аб’яднаўшыся з вялізарнай дзяржавай, дзяржавай з іншай культурай. Ягайла мусіў адмовіцца ад літоўскай тоеснасці. Шмат гісторыкаў лічыць што ўніяй і каталіцтвам Ягайла хацеў выратаваць літоўскую тоеснасць, бо калі б Літва прыняла праваслаўе, то цалкам бы патанула ў русінскім этнасе. А так летувісы засталіся асобным культурным элементам, які розніўся ад беларусаў і ўкраінцаў.

Ці была роля Вітаўта ў гэтай падзеі?

Л. Ясіна: Вітаўт разумеў, што з усіх суседзяў ВКЛ – менавіта Польшча ёсць адзіным, які не знішчыць Літву. Польшча – адзіная дзяржава ў згодзе з якой ВКЛ можа жыць і развівацца. Але ні Ягайла ні Вітаўт не прадбачылі наколькі вялізным будзе культурны ўплыў Польшчы на Літву і цягам 200 гадоў літоўскія эліты паланізуюцца. У Любліне 1569 г., калі літоўскія магнаты баранілі незалежнасці ВКЛ, яны рабілі гэта на польскай мове.

[vc_single_image image=”368450″ img_size=”large”]

Каму ўнія была патрэбная больш – Літве ці Польшчы?

А.Краўцэвіч: Унія больш была патрэбная Польшчы, бо ВКЛ мела ў 4 разы большую тэрыторыю чым Польшча, якая аднак была на шмат шчыльней заселеная. Польская шляхта шукала новыя землі. З гэтым звязаная экспансія на Галіччыну і на Літву. Палякі шукалі выгады для сваёй дзяржавы. Гэта натуральна. А Ягайла заплаціў са скарбу 200 тысячаў флорынаў за магчымасць ажаніцца з Ядвігай.

Ці было гэта выгадна Літве?

Л.Ясіна: Унія была больш патрэбная Літве. У 1385 г. ВКЛ без такога партнёра як Польшча магла б не пратрываць наступныя 20-30 гадоў. Шчыра кажучы – тады для Літвы не было лепшага рашэння. Польшча была слабой дзяржавай і без Літвы яна б ніколі не дасягнула такога значэння, але ў культурным сэнсе яна б выжыла, бо не патрабавала вызначэння сваёй тоеснасці нанова. Але Літва не была бокам які прасіў пра ўнію. Гэта польскія паны прасілі. А Ягайла прадаў сябе дорага.

[vc_single_image image=”368451″ img_size=”large”]

Чаму ў Беларусі не адзначаюць юбілею, гэта ж нагода падкрэсліць еўрапейскасць Беларусі?

А.Краўцэвіч: Як можна адзначаць угодкі прыняцця акту, які ліквідуе тваю дзяржаву як свята? У адрозненне ад Крэўскай уніі варта адзначаць прыняцце каталіцтва і ягоную дзяржаўную падтрымку, якое стала наступствам уніі і азначала прыняцце арыентацыі на заходнееўрапейскую цывілізацыю.

Як гэтую падзею можна сёння выкарыстаць?

Л.Ясіна: Такія юбілеі трэба святкаваць. Варта павучыцца гэтаму ад амерыканцаў, англічанаў і французаў. Яны адзначаюць усе круглыя гістарычныя даты, але робяць з іх высновы. Трэба задумацца што гэтая падзея сёння для нас азначае. Нам варта падумаць ці ёсць шанец збудаваць нешта супольнае для беларусаў, палякаў, летувісаў і ўкраінцаў але таксама для немцаў і габрэяў а можа і для расейцаў. Супольную культурную прастору, якая абапіралася б на памяці пра Крэўскую ўнію, якая была пазітыўнай падзеяй. Гэта быў адзіны саюз у Еўропе, які не стварылі на крыві ды агрэсіі а паўстаў на згодзе.

А.Краўцэвіч: Трэба выпрацаваць стаўленне гісторыкаў да гэтай падзеі. Наша беларускае стаўленне. Патрэбныя канферэнцыі, навуковыя працы. Ацэнка не можа быць адназначна пазітыўнай ці негатыўнай. Яе трэба сфармуляваць і перадаць грамадству. Над гэтым павінны папрацаваць навукоўцы. І яшчэ – замак у Крэве адназначна трэба кансерваваць.

Л.Ясіна: Пытанне ці гэтая падзея можа быць элементам для будовы новай беларускай нацыянальнай міфалогіі а таксама для развіцця беларуска-польскіх стасункаў. Літва стварыла міф ВКЛ, які вельмі моцна адрозніваецца ад рэчаіснасці. Гэта летувіская імперыя, якая паўстала ў 14-15 ст. Яны моцна канцэнтруюцца на Міндоўгу, Гедыміне і Альгердзе. Спроба пабудовы міфу ВКЛ, як беларускай дзяржавы была затрыманая пасля 1994 г. і яна вяртаецца цяпер. Крэўская ўнія з’яўляецца адзіным момантам, які можна лічыць пачаткам прыналежнасці Беларусі да Заходняй Еўропы. Усе землі сучаснай Беларусі аж да Першай сусветнай вайны, а частка яе і да 1945 г. падзялілі культурны лёс Заходняй Еўропы. З падпісання Крэўскай уніі беларусы могуць стварыць момант далучэння да заходнееўрапейскай цывілізацыі.

Ці цяпер адпаведны момант для гэтага?

Л. Ясіна: Нямеччына ўзмацняецца. Расея паводзіць сябе так як паводзіць і тут з’яўляецца нагода каб дзяржавы, якія знаходзяцца паміж імі нешта разам збудавалі. Але дарога сёння даўжэйшая чым 20 гадоў назад.

Пра Міжморе, праект аб’яднання дзяржаваў паміж Балтыйскім і Чорным морам некалькі дзён таму сказаў новы польскі прэзідэнт Анджэй Дуда. Ці з Беларуссю Лукашэнкі магчыма збудаваць Міжморра ці без Беларусі гэты праект магчымы?

Л. Ясіна:. Без Беларусі Міжморе немагчыма. Беларусь найбольш стратэгічна размешчаная дзяржава ў гэтай частцы Еўропы. Галоўныя шляхі камунікацыі вядуць праз Беларусь. Дзякуючы Беларусі Расея мае магчымасць непасрэднага ўмяшальніцтва ў справы Цэнтральнай Еўропы. Натуральна, што ёсць шанец збудаваць гэта Міжморе з Беларуссю Лукашэнкі, бо гісторыя даказвае, што калі пачынаецца гаворка пра бяспеку, то правы чалавека адыходзяць на другі план. Параўноваючы з сённяшнімі дыктатарскімі дзеяннямі Пуціна дыктатура Лукашэнкі падаецца чымсці больш гуманітарным і малаагрэсіўным. Але калі мы маем нешта будаваць з Беларуссю, то рашэнне мусіць прыняць розум Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Пасля выбараў у кастрычніку ён павінен зразумець, што ягонай адзінай будучыняў з’яўляецца Еўропа. Гэта пытанне ягоных страхаў, але Еўропа, а таксама Анджэй Дуда, не маюць намераў здымаць сілай Аляксандра Лукашэнку з пасады прэзідэнта Беларусі. Хутчэй мы лічым на павольныя змены, бо мы расчараваныя ў беларускай апазіцыі ды ў геапалітычнай сітуацыі. Толькі Лукашэнка мусіць хаця б раз выканаць свае абяцанні, якія агучвае Еўразвязу. Мусіць мець геапалітычныя кампетэнцыі, якія мелі польскія паслы ў Літву ў 1385 г. і вялікі князь Ягайла. Лукашэнка, парадаксальна сёння адзіны чалавек, які можа Беларусь выратаваць, але гэта залежыць толькі ад яго.

[vc_single_image image=”368455″ img_size=”large”]

*Сяргей Пеляса, выпускнік міжнародных стасункаў Факультэту Паліталогіі Універсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Журналіст, рэдактар гістарычных праграмаў і міжнароднага тыднёвіка «Прасвет» тэлеканалу «Белсат».

Стужка навінаў