Ці здолее Мікалай Статкевіч сабраць беларусаў на Плошчы-2015?


Калі ў Беларусі будзе Плошча, то крыві пральецца больш, чым на Майдане, выказаў меркаванне палітолаг Павел Усаў у новай праграме «Белсату» «Liberum veto».

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе і былы палітвязень Мікола Статкевіч наўрад ці здолее разварушыць беларусаў ды сабраць Плошчу-2015, мяркуе Павел Усаў.

«Я не думаю, што яму (Мікалаю Статкевічу – рэд.) удасца разгойдаць сітуацыю ці стварыць нейкую крытычную масу, бо, нягледзячы на тое, што Статкевіч мае маральную перавагу перад уладамі, вытрымаў ціск у вязніцы і выйшаў сапраўдным пераможцам, ты не менш рэсурсу, на які трэба разлічваць падчас пратэсту, у Статкевіча няма. На жаль, ён не з’яўляецца супераўтарытэтам для большасці беларусаў», – заўважыў адмысловец.

На ягоную думку, можна будзе ўплываць на сітуацыю і нешта змяняць у краіне толькі тады, калі тысячы беларусаў беларусаў выйдуць на вуліцу не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. Тое ж, як жорстка Лукашэнка разганяў Плошчу-2010 і пратэстоўцаў у 2011 годзе, паказвае, што крыві ў Беларусі пральецца значна больш, чым на Майдане ва Украіне, дзе рэжым Віктара Януковіча быў больш лагодны за рэжым Аляксандра Лукашэнкі, лічыць адмысловец.

Другі момант – ідэя рэвалюцыі на сёння не з’яўляецца прывабнай для беларусаў, нават для тых, хто падзяляе думку, што дасягнуць зменаў у краіне можна толькі праз пратэсты, адзначыў Павел Усаў.

Глядзіце больш у выданні праграмы «Liberum veto», якая выходзіць у новым сезоне ў пятніцы а 21:25. Праграму можна глядзець у онлайн-трансляцыі на нашай старонцы.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары