Ці мусіць Украіна ахвяраваць Данбасам?


На паўднёвым усходзе Украіны паволі сціхаюць стрэлы. Цяпер перад Кіевам стаіць складанае пытанне: якім чынам наладзіць дачыненні з Данбасам і ці ўвогуле варта іх наладжваць? Журналісты праграмы «Прасвет» высвятлялі, ці ёсць альтэрнатыўныя шляхі вырашэння няпростай дылемы.

Праграма «ПраCвет» будзе выходзіць на «Белсаце» кожную пятніцу а 21.45. Глядзець яе можна ў онлайнавай трансляцыі на нашым сайце, а пасля эфіру – у нашым архіве.

«Для мяне ўкраінская дзяржаўнасць – гэта перадусім выбар, які абаронены ўкраінскім народам падчас апошніх падзеяў, і гатовасць будаваць новую дэмакратычную еўрапейскую дзяржаву, – падкрэсліў украінскі аналітык і публіцыст Віталь Портнікаў. Я лічу, што людзі, якія задумваюцца пра тэрытарыяльную цэласнасць краіны ў яе савецкіх межах, робяць непапраўную памылку. І ў гэтую пастку хоча нас злавіць Уладзімір Пуцін».

Паводле спадара Портнікава, Украіна мае быць там, дзе ёсць украінцы, а не там, дзе праходзяць межы «бальшавіцкай УССР». Калі ж прадстаўнікі Данбасу аказаліся не гатовымі да еўрапейскага выбару, то мусяць зведаць усе выпрабаванні недэмакратычных грамадстваў, адзначыў аналітык.

«Значэнне мае толькі гістарычны працэс, які прывядзе да стварэння паўнавартаснай дэмакратычнай еўрапейскай украінскай дзяржавы ў тых межах, у якіх мы зможам яе збудаваць і абараніць», – падкрэсліў госць «Прасвету». На ягоную думку, цяперашнія дзеянні Пуціна фактычна прадвызначаюць распад Расеі ў будучыні. Тады Украіна зможа правесці санацыю акупаваных тэрыторыяў, прапанаваўшы выезд тым, хто захоча пераехаць у новыя дзяржавы на тэрыторыі Расеі. З тымі ж, хто застанецца, Украіна будзе ствараць дэмакратычную дзяржаву.

Сябра камітэту Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая нядаўна вярнулася з Украіны, лічыць, што цяпер улады Украіны маюць прыняць складанае палітычнае рашэнне: «Гэта проста з пазіцыі журналіста сказаць: можа, праз 10 гадоў Данбас вернецца да Украіны, тады ўвогуле будзе аб’яднаная Еўропа і ўсё будзе разам. Гэта вельмі прыгожа, але трэба нешта рабіць і цяпер».

На думку публіцысткі, украінскім уладам варта ўлічваць, што сепаратысты і расейскія войскі занялі пакуль не ўвесь Данбас. «Я проста не ўяўляю, як можна казаць, што гэтай зямлі не трэба абараняць», – дадала спадарыня Рамашэўская-Гузы.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў