Ці можна добра апрануцца ў ГУМе?


Belsat.eu праверыў, што прапаноўваюць кліентам сталічнага ГУМу дзяржаўныя вытворцы вопраткі. А таксама прапаноўваем вашай увазе lookbook стылёвага адзення ад дзяржаўных брэндаў. 

У дзень зніжак у ГУМе шмат людзей і мала месца. Чэргі ў прымяральню – кіламетровыя. Асноўны кліент ГУМу – жанчыны 40–60 гадоў. Маладзёны завітваюць у асноўным па ўпрыгажэнні.

Асартымент для тыповай кліенткі ГУМу – чорныя штаны, белыя блузы, гарнітуры (двойкі з каляровай тканіны). Большая частка рэчаў выглядае прывабна, але мае безгустоўныя элементы ў выглядзе недарэчных стразаў або бантаў. Часта адзенне цалкам складаецца з поліэстэру, а сукенка з штучнай тканіны можа каштаваць ажно 700 000!

Ёсць і вельмі файныя сукенкі за 300 000, якія выглядаюць проста падарункам. У прыватных моладзевых крамах за такі кошт не купіць, а праз інтэрнэт давядзецца плаціць за дастаўку.

Крама не разлічаная на натоўпы. Вешалкі са стэндамі стаяць вельмі блізка, а калі дзве асобы ідуць насустрач, хтосьці мусіць саступіць дарогу. Рэчы розных колераў зваленыя ў адну кучу, складана засяродзіцца на канкрэтнай. Меркі рэчаў – савецкія, праз што марудна вылічваецца свой памер. Амаль няма рэчаў памеру S-XS.

Адзенне захоўваецца ў неналежнай якасці: ваўняныя і шаўковыя рэчы вісяць побач з трыкатажам, матэрыял губляе таварны выгляд, псуецца. Асобна ад усіх вісяць рэчы «Беларускага цэнтру моды» і «Элемы». Крэатыўныя дызайнеры гэтых фірмаў не дапускаюць, каб іх рэчы віселі разам з чужым таварам. Гэта дзяржаўныя прадпрыемствы класу люкс, кшталту «Dior» па-беларуску. Яны развіваюцца і маюць неблагі крой, матэрыялы ды класічны пашыў.

Апрануцца прыгожа і нядорага ў ГУМе будзе складана. На фоне дзяржавы значна выйграюць прыватныя крамы, якія клапоцяцца пра камфорт пакупніка.

Mass-market кшталту H&M і беларускія дызайнеры – найлепшая альтэрнатыва дзяржаўным гандлёвым цэнтрам, дзе тавар цяжка шукаць і мераць.

Матэрыял падрыхтаваў Гарась Валатовіч супольна з Палінаю Галушкаю – уладальніцай чароўнага блогу пра моду «Актуальнасць Хараства». 

belsat.eu

Стужка навінаў