Ці крызіс на фондавай біржы ў Кітаі моцна паўплывае на сусветную эканоміку?


Агенцтва «Bloomberg» абнародвала інфармацыю, што рынак акцыяў Кітаю падлягае асабліваму рызыку. Наколькі ж стабільная эканоміка Кітаю?

Адмысловец цэнтру Карнегі Аляксанд Габуеў адзначыў, што варта рабіць вялікае адрозненне паміж складанасцямі ў эканоміцы і праблемамі на фондавым рынку. «У Кітаі фондавы рынак не вельмі звязаны з астатняй эканомікай», – заўважыў адмысловец.

Хоць фондавы рынак і прыносіць 60 % валавога ўнутранага прадукту Кітаю, ён не з’яўляецца асноўнаю крыніцаю банкаўскіх рэсурсаў для кампаніяў, якія маюць вялікае значэнне ў краіне. «Фондавы рынак – гэта «казіно», да якога адпаведна ставяцца грамадзяне. Падзенне на 30 % наступіла пасля таго, як за 18 месяцаў фондавы рынак вырас на 200 %, а эканоміка вырасла цягам тых жа 18 месяцаў усяго на 10 %. Было зразумела, што надзімаецца бурбалка. Гэтая бурбалка лопнула. Нічога страшнага няма», – заўважыў спадар Габуеў.

Паводле яго, кітайскаму фондаваму рынку характэрная частая зменлівасць коштаў.

Адмысловец мяркуе, што на рынку акцыяў магчымы новы спад, але гэта – нармальная карэкцыя, паколькі каціроўкі перад абвалам былі «нерэалістычныя».

Крах фондавага рынку не будзе мець маштабных сацыяльных наступстваў у Кітаі, але можа негатыўна паўплываць на сусветную эканоміку, бо не ўсе разумеюць сапраўдную прыроду таго, што адбываецца. «Гэта адчуваецца на настроях глабальных інвестараў, перадусім на каціроўках сыравінных тавараў – нафты, металу і гэтак далей, ад якіх залежыць, да прыкладу расейская эканоміка», – звярнуў увагу знаўца.

У гэтай сітуацыі важная спакойная і ўзважаная рэакцыя глабальных інвестараў, якая мусіла б паспрыяць добраму псіхалагічнаму клімату і стабільнасці на сыравінных рынках свету.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў