Ці Еўразвяз зможа прызнаць ДНР і ЛНР?


Еўразвяз можа адмяніць санкцыі супраць Расеі ў любы момант. Але дзеля гэтага Крамлю трэба проста прыбраць свае танкі з Данбасу. Алесь Сіліч паразмаўляў з прэс-сакратаром Еўракамісіі Маяй Кацыянчыч.

— Якая пазіцыя Еўразвязу ў справе гэтак званай Наваросіі, ДНР і ЛНР? Ці ёсць шанец, што Еўразвяз прызнае іх і пры якіх акалічнасцях? Ці ёсць кантакты ў кіраўніцтва Еўразвязу з кіраўніцтвам гэтых рэспублікаў?

— Еўрапейскі Звяз, як вядома, не прызнаў гэтак званых выбараў, якія адбыліся на Данбасе на пачатку лістапада. Яны незаконныя, яны супярэчаць міжнароднаму праву! І мы вельмі ясна выказаліся на гэты конт, выступілі з заяваю пра тое, што Еўразвяз падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць ды суверэнітэт Украіны. І таму відавочна тое, што мы кантактуем выключна з афіцыйнымі ўладамі Украіны, якія размяшчаюцца ў Кіеве. І Вы, магчыма, ведаеце і пра тое, што гэтак званыя лідары гэтак званых рэспублікаў таксама ў лісце асобаў, непажаданых у Еўрапейскім Звязе.

— На апошнім паседжанні Рады міністраў замежных справаў ЕЗ не прынялі новых санкцыяў супраць Крамля. Ці сведчыць гэта пра тое, што яны неэфектыўныя?

— Не, абсалютна не сведчыць. Насамрэч, міністры замежных справаў згадзіліся зрабіць яшчэ адзін крок ва ўзмацненні захадаў уздзеяння на Расею шляхам стварэння дадатковых спісаў персонаў «нон-грату ў Еўразвязе», у якіх уключыць сепаратыстаў. Яны, міністры, таксама выказалі сваё падтрыманне далейшых дзеянняў, калі гаворка заходзіць пра рэалізацыю палітыкі непрызнання незаконнай анексіі Крыму Расеяй. І гэтае рашэнне цяпер адное з галоўных ва ўжо існых захадах. Важнае месца ў іх займаюць і эканамічныя захады. Яны – інструмент, які выкарыстоўвае Еўрапейскі Звяз дзеля таго, каб аказаць ціск на Расею, якая цяпер частка канфлікту, але мусіць таксама быць і часткаю развязання гэтага канфлікту, шукаць гэтае рашэнне. Мы, апроч санкцыяў, прыкладаем таксама моцныя намаганні ў дыпламатычнай ды іншых сферах з тым, каб знайсці палітычнае рашэнне гэтага крызісу, які, на жаль, працягваецца ва Украіне. І мы хочам, каб Расея рабіла тое ж самае – шукала рашэнне. І яны могуць гэта зрабіць, па-першае, каб знайсці рашэнне, спыніць вайну, бо маюць значны ўплыў на сепаратыстаў ва ўсходняй Украіне. І, па-другое, яны могуць пачаць актыўны вывад сваіх узброеных сілаў, вайскоўцаў, тэхнікі з зоны канфлікту ва ўсходняй Украіне і пачаць, урэшце, выкананне менскага пратаколу мірных дамоўленасцяў. Менскіх дамоўленасцяў, якія могуць стаць добраю базаю для мацавання шляху да развязання гэтага крызісу палітычнымі сродкамі.

— Не сакрэт, што ў розных краінаў-чальцоў Еўразвязу існуе свая пазіцыя наконт санкцыяў супраць Расеі, наконт канфлікту ва ўсходняй Украіне. Як удаецца прыйсці да агульнай пазіцыі ў гэтым пытанні?

— Санкцыі – гэта інструмент, які мы мусім выкарыстоўваць у тых выключных абставінах, якія маюць месца. А не таму, што нам падабаецца такі інструмент. Мы выкарыстоўваем яго як палітычны сродак з тым, каб дамагчыся пэўнага палітычнага выніку. І такога роду палітычны інструмент выкарыстоўваецца толькі ў скрайніх, выключных выпадках, калі іншыя інструменты ўжо не працуюць. Але перад тым, як прыняць рашэнне і даць загад ужываць санкцыі, мы мусім спачатку атрымаць згоду ўсіх краінаў-чальцоў Еўразвязу. І выпадак з санкцыямі супраць Расеі – гэта якраз той самы выпадак. Усе рашэнні, якія прыняў Еўрапейскі Звяз, у тым ліку і апошнім часам, – а гэта і адмена запланаванага саміту “ЕЗ-Расея”, адмова ў правядзенні перамоваў для падпісанню новай дамовы паміж Еўразвязам і Расеяй, канкрэтныя абмежавальныя захады супраць сепаратыстаў на Данбасе і тых, хто адказны за падзеі ў Крыму і ва ўсходняй Украіне. Усе гэтыя рашэнні былі абмеркаваныя і прынятыя на паседжаннях з удзелам прадстаўнікоў усіх краінаў-чальцоў Еўразвязу. Яны сустракаліся на самых розных узроўнях і ў розных фарматах, абмяркоўвалі існую абстаноўку, і ў сітуацыі, калі абставіны сапраўды крытычныя, прымалі адпаведнае рашэнне, якое было агульнае для ўсіх.

— Што Расея ці дакладней Крэмль мусіць зрабіць, каб на наступны ж дзень санкцыі знялі ды ўсё вярнулася на свае месцы, як гэта было раней?

— Еўрапейскі Звяз мае на гэты конт вельмі ясную і зразумелую пазіцыю. Мы падтрымліваем тэрытарыяльную цэласнасць, непадзельнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. І з прычыны дзеянняў Расеі, якія не адпавядаюць яе міжнародным абавязкам, мы адпаведна рэагавалі ды рэагуем на іх у вельмі моцнай і пераканаўчай манеры. Але ніхто не спрачаецца з тым, што гэтыя захады могуць быць перагледжаныя і адмененыя. Але на гэта могуць паўплываць.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў