Ці чакае Беларусь чарговы мараторый на рост цэнаў?


Прадпрымальнікі толькі акрыялі пасля мінулага, а на найвышэйшым узроўні ўжо абяцаюць не даваць цэнам расці. А можа чыноўнікі прыдумалі новы спосаб, як зрабіць харчы больш дасяжнымі?

Сёлета ежа ў крамах даражэць не будзе. Гэтак, адчыняючы Рэспубліканскі экалагічны форум, заявіў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Адмыслоўцы ж вераць. Толькі не беларускаму чыноўніку, а агульнай, сусветнай тэндэнцыі.

ТАЦЦЯНА КАЛІНОЎСКАЯ, АГЛЯДАЛЬНІЦА «БЕЛОРУСЫ И РЫНОК»:

«У ва ўсім свеце зараз цэны на харчы зніжаюцца. Бо зніжаюцца кошты паліва, электрычнасць, на фактары, складнікі вытворчасці прадуктаў харчавання».

Разам з тым, паводле Таццяны Каліноўскай, заява Міхаіла Русага грунтуецца на ўрадавым прагнозе інфляцыі, якая не перавысіць 18 %. Калі ж інфляцыя не будзе настолькі прадказальнай, каб выканаць абяцанне, дзяржаве давядзецца трымаць кошты. Мараторый на іх рост у нас уводзілі яшчэ ў сярэдзіне снежня. Як вынік – крамы парушалі забарону, а пасля паслаблення цэннікі ўвогуле сталі непрыемна здзіўляць спажыўцоў.

ЖЫХАР МАГІЛЁВА:

«Я ў Еўраопце набывала перац. У лістападзе ён каштаваў 17900, да снежня ўжо 21900, на мінулым тыдні ён каштаваў 79900, а на сёння, прабачце, 80 з капейкамі».

Паводле Міхаіла Русага, сёлета разлічваць трэба не на дзяржаўнае ўмяшальніцтва, а на харчовы дастатак, у якім мы апынемся пасля збору ўраджаю. Сельская гаспадарка, паводле адмыслоўцаў, і сапраўды пачуваецца значна лепш. І ўсё ж цэны на ежу не можа ўратаваць яна адна.

ТАЦЦЯНА КАЛІНОЎСКАЯ, АГЛЯДАЛЬНІЦА «БЕЛОРУСЫ И РЫНОК»:

«Цэны на харчы ў Беларусі ўсё ж такі залежаць на цэны на харчы ў свеце. Нават не ў свеце, а ў Расейскай Федэрацыі. Вы ўсе памятаеце дэфіцыт свініны і рэзкі рост цэнаў на яе, калі ў Расеі свініны не хапала».

На афіцыйным узроўні ў нашай усходняй суседцы таксама не прагназуюць росту цэнаў. Пры гэтым раздробны гандаль у Расеі сёлета скараціўся на 6 %, а 44 % расяянаў, паводле сацыялагічнага апытання, ужо значна скарацілі выдаткі на харчы.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў