Ці Бог прыдумаў аўталаўку?


Котка, якая «пярыць» у дзверы, «Ноч удваіх» ды буда на чатырох колах – ці гэта падарункі беларусам з нябёсаў? «Белсат» прэзентаваў дакументальны фільм «Усё прыдумана Богам».

Пра існаванне гэтых людзей, пэўна, не памятаюць у Менску. Ім цяжка, але яны працуюць, што аж абрываюцца рукі, грэюць плечы на прызбах, сварацца і жартуюць самі з сябе… Часам, каб разагнаць нуду, куляюць у вусны чарку таннага віна з рамантычнаю назвай «Ноч удваіх» ды чакаюць, што бусел прынясе ўнука. Яны – апошнія жыхары беларускіх вёсак, жыццё якіх дагарае ў драўляных хатах.

Чаму ж апусцелі беларускія сялібы, запыталася ў саміх вяскоўцаў рэжысёрка Вольга Швед, завітаўшы ў глухія вёскі Глыбоччыны з відэакамерай. «Усё прыдумана Богам», – пачула дакументалістка ад сваіх герояў. Гэтыя словы і далі назоў дакументальнаму фільму, знятаму адмыслова для «Белсату».

Рэжысёрка разам з аўталаўкаю выправілася ў шчымлівае падарожжа ў забытыя куткі Беларусі, дзе рэдка ездзяць аўтобусы і дзе практычна няма дарог. Аўтарка фільму паставіла сабе за мэту паказаць рэчаіснасць нашых вёсак як мага больш аб’ектыўна, наведаўшы як амаль бязлюдныя, гэтак і больш перспектыўныя селішчы. Падчас падарожжа Вольга сустрэла самых розных людзей: пераважна старых, нямоглых, але таксама п’яніцаў, што жлукцяць алкаголь днямі і начамі, ды і тых, хто ў свае 75 гадоў, самастойна гадуе 7 кароў, каня і статак авечак, аддана любіць працу і не можа інакш. Маршрут аўталаўкі тут нібы ўяўны шнурок, на які Вольга пананізвала пацеркі людскіх характараў.

«Я хацела паказаць іншы свет, які гарадскія жыхары не ведаюць і які імкліва адыходзіць, – распавяла Вольга Швед. – Выміранне вёсак – тэндэнцыя агульнаеўрапейская, але ў нашым выпадку асабліва цяжка за гэтым назіраць, бо вёска – наш корань. Там бабулі размаўляюць на сапраўднай беларускай мове, хай часам трасянкавай, але з сакавітымі словамі, якіх не знойдзеш у падручніках».

«Усё прыдумана Богам» – гэта фільм-пілігрымка, задуменнае паломніцтва па месцах, дзе яшчэ жыве непадробная беларушчына, дзе, да прыкладу, на котку, што ломіцца ў хату, кажуць: «пярыць у дзверы».

 «Для мяне гэта была антрапалагічная праца, – заўважыла аўтарка стужкі. – Якая мова ў людзей на Глыбоччыне, як яны фарбуюць хаты, якія ў іх печы – для мяне ўсё было дзівам, бо на Гарадзеншчыне, адкуль я паходжу, усё гэта выглядае крыху інакш».

[vc_single_image image=”346724″ img_size=”large”]

Вольга Швед прызналася, што ехала здымаць на Глыбоччыну канец «вясковай Атлантыды», беззваротнае згасанне спрадвечнага, што цяжка затрымаць, як пясок, які сыплецца з прыгаршчаў паміж пальцамі. Дакументалістк аднак не чакала, што адыход у нябыт ідзе ў вёсцы надзвычай імкліва. Цягам двух тыдняў, калі быў перапынак у здымках, памерлі тры асобы, з якімі Вольга паспела перад гэтым пазнаёміцца.

«Я перакананая, што калі я прыеду праз тры гады, то ўжо нічога не знайду, гэтыя вёскі застануцца толькі у маім фільме», лічыць дакументалістка.

Падчас здымкаў яе надзвычай уразілі самотныя калодзежы палетках, дзе раней былі селішчы, ды ўрок фізкультуры ў вясковай школе, калі ў хакей граў увесь клас – толькі 3 асобы. Не схавалася ад вачэй рэжысёркі і тое, што на Глыбоччыну актыўна едуць расейцы. Амаль у кожнай вёсцы, дзе пабывала Вольга, ёсць дамы, якія грамадзяне Расеі выкупілі сабе пад лецішчы.

У беларускіх сёлах шмат суму, але далёка не ўсё там дэпрэсіўнае, адзначыла рэжысёрка. Сам працэс стварэння фільму пакінуў ёй надзвычай прыемныя ўспаміны. «Вельмі мне спадабаліся дагледжаныя хаты ва ўсіх колерах вясёлкі. І, канешне, людзі, поўныя цеплыні, шчырыя, багатыя на эмоцыі, з унутраным скарбам перажытага. Я шчыра палюбіла Глыбоччыну! І тых людзей!», – адкрылася аўтарка стужкі.

[vc_single_image image=”346655″ img_size=”large”]

Калі не стане бабуляў, якія ад нараджэння размаўляюць па-беларуску ды памятаюць забавы на Каляды, у вёску прыедуць іхныя гарадскія ўнукі, мяркуе Вольга. «Бацькі гэтай моладзі лічылі найвялікшым шчасцем – горад. Але маладыя ўсё пераасэнсуюць і вернуцца. Гэтая вёска не будзе іхнай, магыма яны паедуць у іншы рэгіён, але яны зробяць свой выбар свядома. Генетычная памяць уваскрэсіць забытае. Толькі вельмі хочацца, каб гэта не былі расейцы», – спадзяецца рэжысёрка.

«Усё прыдумана Богам» – гэта стужка пра месца вяскоўцаў у беларускім космасе, дзе Сонца круціцца вакол тых, у каго рукі з мазалямі, хто ніколі не быў у Парыжы ды ні разу не бачыў мора. Гэтым людзям, відаць, нездарма выпала нарадзіцца менавіта тут, на гэтай зямля, спеўна гаварыць па-беларуску, мець зграбныя хаткі і саматканыя дываны. Гэтак, пэўна, прыдумаў Бог, каб мы, іхныя землякі, маглі глыбей зразумець сваю самасць ды навучыцца ад тых людзей сціпласці ды дабрыні. Усё ж мае свой адвечны план і не бывае проста так…

Дапамагаў Вользе здымаць стужку ейны брат – фатограф Максім Швед, які замяніў аператара, што літаральна ў апошнюю хвіліну адмовіўся браць удзел у здымках. Рэжысёрка адзначыла, што без брата фільм не паўстаў бы, і выказала яму шчырую падзяку «за адвагу і дапамогу ў здзяйсненні ейных мараў».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў