Ці «беларускія батальёны міратворцаў» дачакаюцца свайго часу?


Кіраўнік Беларусі ўжо выказваўся пра гатовасць выправіць беларускіх жаўнераў на Данбас. Спакуса прымераць «блакітную каску» не дае спакою Аляксандру Лукашэнку. Ці канцэпцыя «беларускага міратворчага кантынгенту» стане больш прыцягальнаю для Захаду і Расеі, калі ў сераду, падчас перамоваў у «нармандскім фармаце», дыпламатыя не спрацуе?

Небяспечная спакуса

Яшчэ ўвосень Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвю «Euronews» заявіў, што можа адправіць міратворцаў на Данбас «калі трэба». «А гэта для мяне вельмі небяспечная і страшная рэч, калі ёсць недавер Расеі да Захаду, Захаду да Расеі, Амерыкі да Расеі, Расеі да Амерыкі і ёсць недавер бакоў, што ваююць, то я гатоў быў бы выкарыстаць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі. Пры жалезным выкананні дамоўленасцяў, якія папярэдне былі б усталяваныя», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гэты час сталася канчаткова зразумела, што «Менскі пратакол» не дзейнічае і Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвю скарыстаўся магчымасцю ўкалоць Захад. Маўляў, мы вам прапаноўвалі найлепшы варыянт, калі ён быў яшчэ магчымы.

І хоць перамовы ў «нармандскім фармаце» адбудуцца ў Менску, кіраўнік нашай краіны не мае аніякага ўплыву на працэс. Прымераўшы «блакітную каску» Аляксандр Лукашэнка стаў бы важным палітычным гульцом у рэгіёне. Але перспектыва атрымаць цынкавыя трумны ды яшчэ ў выбарчы год не можа не палохаць.

Хто мог бы выправіцца на Данбас?

У медыях узгадваюць пра імавернасць выкарыстання на Данбасе ў якасці міратворцаў калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання краінаў АДКБ. Дамова аб калектыўнай бяспецы сапраўды дазваляе выкарыстоўваць КСАР АДКБ па-за межамі дзяржаваў-удзельніц дамовы. Але – «выключна ў інтарэсах міжнароднай бяспекі ў адпаведнасці са Статутам ААН і заканадаўствам дзяржаваў-удзельніц».

Такі механізм вельмі складаны, а для Кіева азначае фактычна новы этап расейскай інтэрвенцыі: кожны другі жаўнер у КСАР – расеец.

Расейскае выданне «Наша Версия» са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляе пра фармаванне ў Беларусі «чатырох міратворчых батальёнаў агульнай колькасцю да 1 500 вайскоўцаў». Аднак афіцыйна такой інфармацыі не пацвярджаюць.

Зрэшты, у Беларусі ўжо ёсць міратворцы – 10 гадоў таму ў Віцебску была сфармаваная адмысловая рота кантрактнікаў, якая праходзіць падрыхтоўку і мае экіпіроўку ў адпаведнасці са стандартамі ААН і НАТО.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Вось толькі колькасць прафесійных «блакітных касак» у Беларусі занадта малая, каб стварыць буферную зону паміж украінскімі войскамі і баевікамі «ЛНР» ды «ДНР».

Лукашэнка не патрэбны

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Акрамя рэгулярнага войска, у тым ліку жаўнераў тэрміновай службы або рэзервістаў, Лукашэнку няма каго скіраваць на Данбас. Да таго ж краіны Захаду і Кіеў разумеюць, што Менск шмат гадоў як знаходзіцца на кароткім павадку Крамля і на сапраўдны нейтралітэт няма чаго лічыць.

Таму на сустрэчу ў «нармандскім фармаце» Лукашэнку таксама не запрашаюць, а тры міфічныя міратворчыя батальёны яшчэ доўга будуць чакаць свайго часу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў