Чыя перамога 9-га траўня?


У Беларусі і Расеі пройдуць святочныя парады на Дзень Перамогі. У большасці краінаў-удзельніц Другой сусветнай вайны, сканчэнне самага крывавага канфлікту не святкуюць, а аддаюць пашану памяці загінулых. У Расеі ж наадварот – 9-га траўня адзначаецца з усё большым размахам, а медыі падаюць, што перамога ў вайне была дасягнутая практычна сіламі аднаго Савецкага Саюзу. Ці варта спрачацца за перамогу?

Чым больш мінае часу з моманту гістарычных падзеяў, тым больш папулярнаю становіцца альтэрнатыўная гісторыя: то раптам лідар расейскіх байкераў заявіць, што Беларусь і Украіна – гэта часткі Расеі, то Уладзімір Пуцін падзеліцца думкамі пра ролю Расейскай Савецкай Рэспублікі ў Другой сусветнай вайне.

«Я дазволю сабе з вамі не пагадзіцца, што калі б мы былі раздзеленыя, то не перамаглі б у вайне. Мы ўсё адно б перамаглі», – адзначыў Уладзімір Пуцін.

А напярэдадні 9-га траўня расейскія тэлеканалы ствараюць уражанне, што і заходнія хаўруснікі Савецкаму Саюзу былі б не патрэбныя. Маўляў, і да Берліну самыя б дайшлі, і дапамога ў зброі ды харчах (гэтак званы ленд-ліз) была не так ужо і патрэбная. Алею ў агонь падліваюць і спрэчныя статыстычныя звесткі.

«Тое ж самае датычыць ленд-лізу з канца 1940-ых, пра які прынята думаць, што ён нібыта складаў нейкія 4 % і справіліся б і без яго. Дакладныя лічбы вам цяпер ніхто не скажа, бо савецкая статыстыка – бязлітасна маніпулюе. Бо вы ж ведаеце – ёсць хлусня, ёсць вялікая хлусня і ёсць савецкая статыстыка», – заўважыў кандыдат гістарычных навук з Кіева Сяргей Граменка.

Агульнапрынятая статыстыка кажа прыкладна гэткае: пачынаючы з 1941-га года, СССР атрымаў дапамогі ў дзясяткі тысяч летакоў, танкаў, гармат, аўтамашын і розных судзінаў. Гэта прыкладна адна пятая ад усёй вырабленай савецкай прамысловасцю такой тэхнікі. І што не менш істотна – амаль 4,5 млн тон харчавання. Не варта забывацца і пра іншыя франты. Хаця на савецка-нямецкім фронце ахвяры былі найбольшыя, значэнне ціхаакіянскага, афрыканскага ды ўрэшце другога фронту ў Еўропе цяжка пераацаніць.

«На фінальных фазах гэтага мілітарнага канфлікту наяўнасць такіх франтоў проста азначала паскарэнне разгрому, што ж датычыць першапачатковай фазы канфлікту – я маю на ўвазе 1941-42 гады, то ўвогуле ж стаяла пытанне пра існаванне савецкай дзяржавы», – адзначыў галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булкагаў.

У пэўныя моманты зімы 1941 года нямецкім войскам бракавала 15 км, каб дайсці да Масквы. Вайна ж на ціхаакіянскім тэатры ваенных дзеянняў дазволіла СССР свабодна кінуць усе рэзервы на заходні фронт і забрала жыцці шматлікіх мільёнаў жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі ды цывільных. А дзякуючы баям на заходнім фронце Чырвоная Армія перамагла вермахт у Берліне, а не ў Францыі ці Італіі. Магчыма, жахлівыя лічбы цывільных ахвяраў і супольная барацьба супраць зла ёсць прычынаю таго, што на Захадзе памятаюць пра загінулых, а не праводзяць пышныя парады. Гэтак ужо другі год запар будзе і ўва Украіне.

«Не ад таго, што ўкраінцы такія прасветленыя, мы прыйшлі да гэтага. Анексія Крыму і вайна на Данбасе падштурхнулі ўкраінскае грамадства да таго, каб пераасэнсаваць ролю Расеі. І стала ясна, што Расея гэтаксама можа быць агрэсарам, нягледзячы на тое, што кажа пра сябе. Калі Расея – агрэсар у 2014 годзе, то нічога дзіўнага, што яна была агрэсарам і ў 1939 годзе», – сказаў украінскі гісторык Сяргей Граменка.

Таму ні пад георгіеўскаю стужкаю – знакам перамогі і магутнасці няіснай краіны, а чырвоным макам – сімвалам памяці ўсіх ахвяраў сучасных вайсковых канфліктаў ува Украіне – узгадваюць самую жахлівую вайну ў гісторыі чалавецтва.

Матэрыял Усевалада Шлыкава для праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Іншыя тэмы ў апошнім выданні праграмы: як змяніліся Польшча і прыбалтыйскія дзяржавы за 12 гадоў у Еўразвязе; як Паўночнаатлантычны альянс збіраецца абараніць суседзяў Беларусі ад Расеі; чаму мы не ведаем усёй праўды пра Беларусь у Другой сусветнай вайне; чаму Барак Оўбама развітваецца весела.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў