Чытай сваё! Кнігі, якія зробяць цябе богам у беларускамоўнай тусоўцы


Ці шмат вы ведаеце сучасных беларускіх пісьменнікаў? А ці шмат чыталі з іх твораў за апошні год? Мы зрабілі для вас падборку твораў сучасных аўтараў ад беларускіх літаратурных крытыкаў і аглядальнікаў.

Наста Грышчук

Літаратурны крытык

1. «Поўня» Леанід Галубовіч

Галубовіч – дакладна той аўтар, пра якога скажаш «паэт» і не пачырванееш. Мужыкі каля вясковай крамы і сусвет у ягоным выкананні аднолькава праўдзівыя. Мелодыка верша Галубовіча – паэзія сама па сабе. «Поўня» выйшла ў 2015 годзе. З таго часу з’явіўся стос кніг, якіх цяпер не ўспомніш. «Поўня» ж часавай прыналежнасці не мае.

2. «Дзень паэзіі смерці дзень» Андрэй Адамовіч

Кніга, забытая масавай аўдыторыяй (калі такое ўвогуле можна казаць пра трох з паловай чытачоў беларускай паэзіі). А дарма. Для мяне Андрэй Адамовіч найперш паэт.

3. «Апоўначы на сіялімскім мосце» Аляксей Талстоў

Унікальная кніга: напісаная па-беларуску, добрай мовай, стылёва вытрыманая, і пры гэтым – ні слова пра горкую долю беларушчыны. Гэта такі магчыма! Пасля «Апоўначы…» я ўбачыла альтэрнатыўны шлях развіцця белліта. То бок, тэарэтычна ён бачыўся і раней, але цяпер ёсць усе шанцы адарвацца ад песень пра дразда і гуся.

4. «Патрыятызм для чайнікаў» Сяргей Прылуцкі (Кім Чжун Хо)

Чайнікаў у нас хапае, патрыятызму – таксама, так што кніга мусіць стаць народнай.

5. «Яблыневы маёнтак» Аляксандр І. Бацкель

Насамрэч, «Яблыневы маёнтак» – толькі прыклад. Проза Сяргея Календы пакуль не зрабіла адкрыццяў у мастацкім плане, але гэта ўжо нешта адрознае ад звыклай беларускай прозы. Цікава, якім аўтарам будзе Календа гадоў праз дзесяць. Прадчуванні добрыя.

Юлія Бародзіч

Літаратурны блогер

1. «У вайны не жаночы твар» Святлана Алексіевіч

Для пачатку дазвольце ня быць арыгінальнай. Кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» павінна быць прачытана кожным беларусам. І ўсе іншыя кнігі аўтара таксама. Задумацца – кажа Чэхаў: «Трэба, каб за дзвярыма кожнага задаволенага, шчаслівага чалавека стаяў хто-небудзь з малаточкам і ўвесь час нагадваў бы нам стукам, што ёсць няшчасныя…». Кнігі Святланы Алексіевіч – той самы «хто-небудзь з малаточкам».

2. «Marginalis» Кірыл Стаселька

Раман, які прымусіць вас адчуваць. Чытаеш яго, і хочацца крычаць: ад злосці, ад бяссілля, ад праўды.

Аўтар агаляе тое, пра што прынята маўчаць нават у вузкім коле. Тое, што хочацца схаваць у самыя таемныя куткі сваёй душы, прайсці міма, не заўважыўшы, замаркіраваць. Усё як у жыцці. Няма добрых і дрэнных, відавочна станоўчых ці адмоўных герояў. Ёсць чалавек са сваймі слабасцямі, надзеямі, расчараваннямі, бедамі і адчаем.

3. «52 лютага» Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Моцная завіруха абрынулася на Менск, паралізаваўшы яго жыццё. Тата з сынам апынуліся зачыненымі ў офісе. Мама з дачкой – у кватэры. Інтэрнэт знікае, мабільная сувязь не працуе, святло згасае. Што рабіць у такіх нечалавечых умовах? Размаўляць адзін з адным.

Двое дарослых людзей распавядаюць гісторыю свайго першага кахання і першага сексу. Распавядаюць дзецям, якія ўжо зусім і не дзеці. Гісторыю наіўную, кранальную, прыгожую. Гісторыю, якая б магла стаць узорнай, выкраслі ў ёй пару «але». Гэтая кніга для дзяцей і бацькоў. Прачытайце яе разам і знайдзіце словы, каб пагаварыць пра важнае.

4. «Дзед Манюкін І ўнукі» Васіль Шырко

Вельмі добрая, смешная, дзіцячая. Гэта кніга – зборнік небыліц-казак, якія распавядае сваім унукам дзед. Той яшчэ прахвост, скажу я вам. Але вясёлы! І так шмат у гэтых казках пераплецена нашага, роднага, нацыянальнага. І мова беларуская ў кнізе такая прыгожая, жывая і каларытная. Увогуле, хочацца параіць яе ўсім дзецям і бацькам.

Наста Карнацкая

Літаратурны аглядальнік, супрацоўніца «Кніжная шафа»

1. «Трохлітровая проза» Сяргей Календа

Кніга, якая складаецца з трох абсалютна розных частках. Архітэктурныя апавяданні звязаныя асобай архітэктара Карла. У кожным з апавяданняў аўтар робіць тое, што часта любяць рабіць людзі: зазірае ў чужыя вокны. Генерацыя фанцікаў і фішак расказвае пра нас, якімі мы былі ў дзяцінстве. Кожны, чыё дзяцінства прайшло ў «дзевяностых», знойдзе там нешта блізкае сабе. Трэцяя частка кнігі – «Скура зямлі». Гэта апавяданні пра нашу рэчаіснасць, пра тое, што побач, вакол. Апавяданне «Хлеб свой пускай па вадзе» пра выбух у менскім метро, «Я не жыву» увогуле не пакіне абыякавым ніводнага свядомага жыхара Беларусі, «Каробка» – удалая спроба стварыць антыўтопію.

2. «Шчарбаты талер» Андрэй Федарэнка

Героі кнігі – пяцёра школьнікаў: Чэсь, Міхась, Зміцер, Аксана, Каця. Некаторыя з іх гарадскія, а некаторыя жывуць у вёсцы. Што іх аб’ядноўвае акрамя вёскі Паплавы, дзе ўсе яны сустракаюцца? Дзіцячае жаданне прыгод, незвычайных здарэнняў. Пошукі скарбаў дапамагаюць ім спазнаць саміх сябе, свае здольнасці, убачыць моцныя бакі іншых, упэўніцца ў моцы свайго сяброўства. Усё гэта на фоне амаль што дэтэктыўнай гісторыі з бандытамі, настаўнікам гісторыі, вясковымі жыхарамі, скарбам і вайной 1812 года.

3. «Ноч цмока» Валеры Гапееў

 

Пасярод поля знаходзяць мёртвую голую дзяўчыну. Слядоў вакол няма, нават не вельмі зразумела, як яна на тое поле трапіла, ды яшчэ і голая (і толькі пасля родаў). Сродак забойства таксама застаецца таямніцай, бо на целе дзяўчыны толькі маленькая дзірачка. Следчы Васіль павінен раскруціць гэты клубок, хоць яшчэ не ведае, што разгадка можа каштаваць яму жыцця. Падзеі разгортваюцца ў райцэнтры, і Гапееў добра паказвае мясцовае жыццё. Ёсць у кнізе і апантаныя беларушчынай змагары (няхай ужо і не вельмі актыўныя), ёсць і роздум над лёсам беларускай нацыі, якая ніяк не можа займець вартага лідара, таму вымушана штучна яго вырошчваць.

4. «Дагератып» Людміла Рублеўская

Кампазіцыйна раман складаецца з 2 частак: кніга вонкавага кола (наш час) і кніга ўнутранага кола (мінулае). Малады вучоны Гальяш збіраецца зʼязджаць у Амерыку да сваёй нявесты, а кватэру, якая дасталася яму ў спадчыну ад дзеда, на некаторы час бясплатна пакідае сваёй знаёмай, дзяўчыне з дзіўным імем Сімка. Рыхтуючыся да пераезду і разбіраючы старыя дзедавы рэчы юнакі знаходзяць стары дзённік, і перад імі паўстае таямнічая гісторыя XIX стагоддзя, непасрэдна звязаная са сваякамі Гальяша Масевіча.

5. «Галасы» Макс Шчур

Зборнік апавяданняў, напісаных у 2011-2017 гг., і адна аповесць. Адкрываецца зборнік апавяданнем «Сніч», і гэта сапраўдная знаходка для кнігалюбаў, якія любяць кнігі пра кнігі і літаратараў. Галоўны герой – літаратурны негр (або паліткарэктна ghost writer – пісьменнік-прывід). Але яго праца адметная тым, што ён піша не цэлыя творы, а толькі сны літаратурных герояў. Складанасць у тым, што напісаць ён можа толькі тое, што сам сніў, і тут узнікае праблема: наш герой даўно пакутуе ад бяссонніцы. Яшчэ адна знаходка кнігалюба – аднайменнае апавяданне «Кнігалюб». Як кнігі ажываюць і ўвасабляюцца ў рэальнасці, як па старонках чужых кніг можна здзейсніць цэлыя падарожжы па жыццях іх папярэдніх чытачоў. Вельмі шчырыя аўтабіяграфічныя апавяданні «Бабуля» і «Самотнік» пра сямʼю пісьменніка. «Інтэрвʼю з ведзьмаком» – выдатнае рымэйк кнігі Эн Райс (вядомай па яе экранізацыі «Interview with the Vampire») з беларускім нацыянальным каларытам. Аповесць «Чалавек з футаралам» нагадвае той самы гедройцаносны твор «Завяршыць гештальт», бо таксама падарожжы, розныя гарады, іх асаблівасці, людзі, прыгоды.

Віта Морэ, belsat.eu

Стужка навінаў