Чырвоны дзень календара і чырвонае святло для апазіцыі

video

Не провады камунізму і не жалоба па мільёнах ахвяраў чырвонага тэрору. У Беларусі сёння свята – Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі!

«Класавая барацьба наперадзе і сацыялізм – гэта будучыня!», – зазначыў сакратар менскага гаркаму КПБ Георгій Атаманаў.

Свята адно, але адразу тры дэлегацыі ў розны час наведалі галоўны помнік правадыру.

«Беларусь сёння проста напраста аддае даніну нашай гісторыі, якая б яна ні была, аддае даніну павагі да тых традыцый, якія стваралі нашыя бацькі і дзяды», – мяркуе старшыня КПБ Ігар Карпенка.

Спачатку мітынг зладзіла праўладная Камуністычная партыя Беларусі. Пасля – апазіцыйны «Справядлівы свет». Беларуская партыя левых хоць і без музычнага суправаджэння, але сваім маленькім кошыкам пацясніла паднясенні афіцыйных камуністаў.

«Вышэй полымя, таварышы!»

І, нарэшце, пад партрэтамі Леніна і Сталіна на плошчу Незалежнасці прыйшлі прадстаўнікі Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў.

«Пад кіраўніцтвам Сталіна Беларусь стала развітай рэспублікай. Дагэтуль яе як не было», – упэўнены Генадзь Муравейнік з усесаюзнай кампартыі бальшавікоў.

Зміцер Дашкевіч сарваў крывавае свята

Больш гучным і масавым сталася адкрыццё помніку Леніна ля прахадной МТЗ у Менску.

Раней помнік стаяў ва ўнутраным дворыку прадпрыемства, але нібыта на просьбы працаўнікоў і ветэранаў адрэстаўраваную і пафарбаваную скульптуру перанеслі ў сквер ля заводу.

«Без яго неяк сумна. Ён стаяў, на тэрыторыі ахоўваў, заходзілі мы ўсе, глядзелі на яго, любаваліся»,
«Ён мне не перашкаджаў там і тут ён мне перашкаджаць не будзе»,
«Напэўна, гэта нейкая гістарычная каштоўнасць»,
«Зашмат Леніных, трэба іх крыху прыбраць»,
«Ён да Беларусі не мае аніякага значэння акрамя гора, няшчасця, нястачы, нічога добрага гэтая ўлада людзям не прынесла»,
выказаліся менчукі.

Адкрыццё помніку адбылося пад воклічы «Ганьба!»

На Змітра Дашкевіча – лідара «Маладога фронту» – і яшчэ трох актывістаў, што сарвалі ўрачыстасць, спачатку з кулакамі накінуліся камуністы, а пасля жорстка збілі… міліцыянты.

«Білі нагамі, падгалоўнікам ад сядушкі знялі, білі па галаве. Потым адзін галаву маю ўзяў пальцамі за нос і драў на верх, а другі тыкаў дубінкаю ў зубы і крычаў «Сасі!», – распавёў Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога Фронту».

Не адзіны сённяшні інцыдэнт

Невядомыя аблілі постаць Ільіча чырвонаю фарбаю на галоўнай плошчы Ліды, каб нагадаць, якога колеру след пакінуў той у гісторыі.

Усяго ў нашай краіне 400 помнікаў пачынальніку чырвонага тэрору. Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе ніколі не зносілі помнікаў Леніну цэнтралізавана. А цяпер станецца адзінаю краінаю, дзе баяцца каляровых рэвалюцыяў, але ўсталёўваюць помнікі прафесійнаму рэвалюцыянеру.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары