Чыноўнікі не могуць глядзець у вочы прадпрымальнікам

video

https://www.youtube.com/watch?v=SBeAKs2ACCI

«А ў нас няма грошай рабіць гэтыя дакументы, бо заробкаў няма. Хутка не будзе чаго есці». – гучна абураецца прадпрымальніца з Магілёву.

Форум прайшоў, праблемы прадпрымальнікаў нікуды не зніклі. Сёння гандляры Магілёва сабраліся на месцы самага вялікага ў горадзе рынку – Віленскага, які ўжо больш за месяц нагадвае больш выпаленую зямлю, чымся рынак. Некаторыя з прадпрымальнікаў падзяліліся сваймі ўражаннямі ад учорашняй паездкі ў сталіцу.

«Усё вырашае адзін чалавек, і ўсе вы ведаеце, хто. І там ніхто гэтага не хаваў, усе казалі, што толькі адзін чалавек можа развязаць нашую праблему», – зазначае Уладзімір Шапіра, прадпрымальнік з Магілёву.

Развяжа праблему прадпрымальнікаў кіраўнік краіны ці не – пакуль пытанне застаецца адкрытае.

«Чаму ён бярэ крэдыты ў Расеі ды МВФ, а нашых грошай не бярэ? Вось мы кінулі, яны валяюцца, чаму ён іх не возьме?», – рытарычна пытае дробны магілёўскі гандляр.

Каб не губляць часу, магілёўскія гандляры звярнуліся сёння да кіраўніцтва аблвыканкаму з самым балючым пытаннем – калі прадпрымальнікі змогуць працаваць і ці адменяць указ аб абавязковай сертыфікацыі тавараў.

«Сказалі, што губернатар вельмі заняты, шмат працы. Проста ігнаравалі нас, хоць раней казаў, што перажывае за нас і падтрымлівае. Адныя і тыя ж пытанні, галовы апусцілі, мы нічога не вырашаем, у нас адзін кіраўнік краіны вырашае», – распавядае мужчына.

На думку гандляроў, сёння гэтае пытанне хвалюе і саміх пакупнікоў.

«Як не зразумела тым, хто тлумачыць, што калі зачыніць рынкі, то людзі будуць апранацца ў буціках? Пытанне трэба задаць – за што яны там будуць апранацца? Хай зробяць дастойны заробак беларусам, каб яны маглі пайсці і дастойна апрануцца ў буціках», – мяркуе магілёўская ІПэшніца.

А вось віцебскія прадпрымальнікі, якія планавалі ехаць 8 лютага ў Менск, каб дамагацца справядлівасці, пакуль не вызначыліся адносна такой захады. На думку Ірыны Яскевіч, лідаркі прадпрымальніцкага руху Віцебшчыны, запланаваны на 15 лютага мітынг не апраўдае спадзеваў прадстаўнікоў айчыннага бізнесу.

«Я не бачу ў гэтым аніякага сэнсу. Я думаю, туды прадстаўнікі ўладаў не прыйдуць. Калі яны нават на форум не прыйшлі, то пра што казаць? Перад кім прадпрымальнікі будуць рабіць свой выступ?», – прагназуе Ірына Яскевіч, старшыня аргкамітэту стварэння прафсаюзу «Разам».

Аднак яго арганізатар Анатоль Шумчанка застаецца аптымістам. Ён паведаміў, што рэзалюцыя ўчорашняга форуму прадпрымальнікаў дайшла – цытуем – «да самага верху». А таму ўлады, на думку лідара «Перспектывы», паспрабуюць развязаць праблему айчынных гандляроў яшчэ да 15 лютага.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары