Чыноўнікі не дазволілі выступіць «Brutto» ў Менску


Менскія ўлады не выдалі гастрольнага пасведчання гурту «Brutto» на заяўлены канцэрт у Палацы спорту, які меў адбыцца 27 траўня.

Сваё вострае жаданне выступаць на Радзіме Сяргей Міхалок абазначыў у звароце пры канцы студзеня 2016 года да ўмоўнага беларускага «міністра культуры». Фактычна пасыл быў адрасаваны не канкрэтнаму чалавеку, які займае цяпер гэтую пасаду, а ўсім мясцовым чыноўнікам, адказным за ідэалогію. Прадзюсар гурта Антон Азізбекян прыехаў у Менск з Кіева, дзе цяпер базуецца беларускі гурт, каб падаць адпаведныя дакументы ў Менгарвыканкам. Быў заяўлены выступ у Палацы спорту на 27 траўня.

«Мы вырашылі рабіць канцэрт у Палацы спорту, бо гэта была адзіная пляцоўка, якая адказала на пытанне пра наяўнасць свабодных датаў. Менгарвыканкам нам параіў менавіта яе. Мы абралі 27 траўня, на наступны дзень пасля канцэрту гурта «Звери», каб не разбіраць сцэну і гук са святлом», – распавёў Антон Азізбекян.

Заява гурта разам з тэкстамі была разгледжаная і ў выніку незадаволеная. Але адмова не была звязаная, як у выпадку з Вайцюшкевічам з пунктам, дзе вядзецца пра экстрэмізм, гвалт і парнаграфію, і не з уцечкай этэленгліколю, як у выпадку з фэстам «Арт-сядзібы».

«Нам далі адказ са спасылкай на інфармацыю, якую падаў Палац спорту, што дата, якую дала пляцоўка, у выніку аказалася занятай мантажам абсталявання. І сказалі, каб мы выбіралі іншую дату. Ад ідэі правядзення канцэрту ў Менску мы не адмаўляемся – цяпер узгадняем іншую дату. У нас няма адчування бегу па зачараваным коле. І сам я аптыміст ды рэаліст. За намі праўда і мы нічога не парушылі, у адрозненні ад «Лениграда». Мы пяць гадоў тут не выступалі і хочам спяваць у сваёй краіне. І ў мяне ёсць унутранае адчуванне, што так і будзе. Я яму заўжды давяраю», – кажа Антон Азізбекян.

Сяргей Міхалок з гэтай нагоды запісаў чарговы відэазварот, у якім выказаў упэўненасць, што канцэрт «Brutto» ў Менску абавязкова адбудзецца. Музыку ўзрушыў таксама факт, што чыноўнікі з выканкаму запрасілі вярнуцца яго разам з жонкай Святланай Зелянкоўскай і сынам Макарам на Радзіму.[/vc_column_text][vc_single_image image=”125486″ img_size=”large”][vc_column_text]Сяргей Міхалок, Святлана Зелянкоўская ды іхны сын Макар у Менску. Фота фота з афіцыйнай суполкі «Brutto»[/vc_column_text][vc_column_text]Дадаткова праз афіцыйны акаўнт гурта лідар «Brutto» заявіў:

«Я пяць гадоў не выступаў у Беларусі! Гэта вялізарны тэрмін – цэлая эпоха! Пайшоў у іншы свет мой бацька, вырас і ажаніўся старэйшы сын, нарадзіўся Макар… Я вельмі хачу прынесці карысць Радзіме, пакуль я яшчэ ў форме. Маё пакліканне – быць на сцэне. Я гэта давёў сваім 25-гадовым творчым шляхам і заслугоўваю права на ўвагу публікі. Паводле маіх песень людзі рэстаўруюць свае ўспаміны: пад «Ау» прайшоў выпускны, пад «Евпаторию» – служба ў войсках, пад «Капітал» – сканчэнне інстытуту. Мой творчы патэнцыял цяпер на пад’ёме – «Brutto» дапамагае рэалізоўваць любыя задачы. Засталося ўвасобіць самую запаветную мару – граць канцэрты ў Беларусі. І я ведаю, што гэтае жаданне супадае з жаданнямі тысячаў землякоў. Наша возьме!!!».

Найбліжэйшыя канцэрты «Brutto» пройдуць ва Украіне 4 сакавіка (Кіраваград), 5 сакавіка (Барыспаль). 12 сакавіка разам з гуртом «Dzieciuki» калектыў Міхалка дае супольны канцэрт у Лядовым палацы ў Беластоку.

МЯ, паводле tuzin.fm

Стужка навінаў