Чыноўнікі хочуць адабраць прыватызаваную кватэру ў інваліда

video

Гомельскія чыноўнікі адбіраюць прыватызаваную кватэру. З такою праблемай у рэдакцыю «Белсату» звярнуўся Васіль Ануфрыеў – інвалід другой групы, жыхар дому нумар 2 на вуліцы Галавачова.

Адміністрацыя Навабеліцкага раёну Гомля прызнала будынак аварыйным і небяспечным, таму цяпер патрабуе ад інваліда выселіцца. Старшыня Гомельскага гарвыканкаму Пётр Кірычэнка даў афіцыйны адказ: калі дом прызнаны аварыйным, то прыватызацыя кватэры не ўлічваецца.

«Кірычэнка даў мне адказ: дамо табе тры капейкі, дамо камерцыйнае жытло. Калі ты камерцыйнае жытло не хочаш, выкінем цябе на вуліцу без прадстаўлення жылой плошчы. Інваліда 2-й групы», – дзеліцца з намі Васіль Ануфрыеў.

Законнасць гэткага абмену ў гарвыканкаме тлумачаць указам № 563, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 4 гады таму. То бок, каб забраць прыватныя кватэры ў любым прыгожым раёне, дастаткова сабраць камісію ў справе прызнання дому аварыйным.

«Нашая Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права набыцця ўласнасці і гарантаванага захавання, калі ўласнасць набытая законным шляхам, – кажа праваабаронца Алесь Яўсеенка з Беларускага Хельсінкскага камітэту. – Мы бачым, што законным шляхам уласнасць у грамадзяніна набытая, але дзяржава не выконвае сваёй функцыі ў абароне гэтай уласнасці, пазбаўляе грамадзяніна ўласнасці фактычна».

У двухпавярховіку, дзе жыве спадар Васіль, засталося толькі сем жылых кватэраў. Астатнія жыхары жытла не прыватызавалі, таму цяпер, паводле гарвыканкаму, ім увогуле нічога не належыць. Бо самыя нібыта адмовіліся ад жытла.

«Нам ніхто не прапаноўваў. А яна кажа: як ніхто не прапаноўваў? У вас жа подпісы стаяць, што вы адмовіліся ад кватэраў», – кажа жыхарка дому № 2 Марыя Андрыянец.

«Я самотная. Дачка ў мяне памерла ў 31 год. Жыву тут 6 гадоў. Высяляюць або ў дом састарэлых, або на вуліцу», – распавядае пра сябе іншая суседка Васіля Ануфрыева.

Спадар Васіль мяркуе, што ў выканкамаўскіх чыноўнікаў ёсць свае матывы ў такой актыўнасці.

«Высяліць дом, і на гэтым месцы пабудаваць высотку, вось што яны хочуць. Або свайму чыноўніку аддаць за базавую велічыню гэты дом», – лічыць Ануфрыеў.

Праваабаронцы раяць у такой сітуацыі захоўваць ліставанне з чыноўнікамі, звяртацца да юрыстаў ды ў незалежныя медыі. А Васілю Ануфрыеву давядзецца бараніць прыватнае жытло праз суд. Не першы раз: ён ужо адстаяў сваю кватэру ў 2005-ым і 2008-ым гадах.

Яраслаў Сцешык

Глядзі таксама
Каментары