Чыноўнікі адмаўляюцца легалізаваць гендарную ініцыятыву «Ружа», якая абараняе правы маладых маці


Адзін душ на ўвесь паверх, халодныя палаты ўзімку, антысанітарыя ды старыя ложкі, што правальваюцца да падлогі. З гэткаю непрыгляднаю рэальнасцю амаль штодзённа сутыкаюцца магілёўскія парадзіхі.

АЛЕНА ДАРАШЭНКА, МАЦІ ДВУХ ХЛОПЧЫКАЎ:

«Усё старое, усе вельмі дабітае і не вызывае прыемных уражанняў ад знаходжання там. Не хочацца туды вяртацца. І ў мяне, па праўдзе, пасля першых родаў было жаданне больш не мець дзяцей, каб не праходзіць праз гэта яшчэ раз».

Да ўсяго гэтага дадаецца перапоўненасць палатаў і недастатковая колькасць медычнага персаналу – як дактароў, гэтак і медсёстраў.

МАРЫЯ ШЫНКАРОВА, МАЦІ ДЗВЮХ ДАЧОК:

«Калі ў 2011 годзе я ляжала ў платнай палаце, там толькі адная мамачка ці дзве, то ў гэтым годзе гэта было ўжо 5 маці і 5 дзяцей. Гэта проста жах! Адзін дзяцёнак спіць, другі плача. Да таго ж трэба таксама памяняць ложкі, бо калі ты на іх ляжыш, то папросту сядаеш на падлогу».

І хоць згодна з беларускім заканадаўствам кожны пацыент мае права на выбар лекара ды ўважлівае і сумленнае абслугоўванне з боку медычнага персаналу, маладыя маці ўсё часцей сутыкаюцца з парушэннем сваіх правоў – напрыклад, калі лекар аглядае жанчыну ў прысутнасці іншых кабет альбо калі жанчына перад самымі родамі вымушаная працяглы час перабываць у шпітальным калідоры.

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, ЭКСПЕРТКА Ў ГАЛІНЕ МЕДЫЦЫНЫ, ГЕНДАРНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА «РУЖА»:

«Калі жанчына выходзіць з радзільні, яна дрэнна сябе пачувае, у яе маленькае дзіця, аб якім трэба турбавацца. І калі ніхто не зможа ёй аказаць прававую дапамогу, пракансультаваць, то яна, канешне, і застанецца ў такой сітуацыі».

Радзільня гэта ці канцлагер? Шчыры і шакуючы аповед пра тое, як гэта – нарадзіць у Беларусі

 У Маладзечна пасля родаў памерла 27-гадовая жанчына

Абараняць правы парадзіх выклікалася гендарная ініцыятыва «Ружа», што дзеіць у Магілёве з пачатку гэтага года. Што праўда, улады не жадаюць рэгістраваць арганізацыі, бо Міністэрства юстыцыі палічыла, што мэты ініцыятывы ўказваюць на наяўнасць у Беларусі дыскрымінацыі паводле полу. Канстытуцыя ж гарантуе беларускім мужчынам і жанчынам роўныя правы, а таму, нібыта, дыскрымінацыі ў нашай краіне быць не можа. Але гэта не адзіны чыннік адмовы легалізаваць «Ружу».

АЛЕНА БАРЫСАВА, ЮРЫСТКА ГЕНДАРНАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ «РУЖА»:

«Мы былі ў шоку, калі атрымалі адказ аб тым, што зборам і аналізам сітуацыі ў Магілёве па гендарным пытанням грамадскія арганізацыі не маюць права займацца. Гэтым могуць займацца толькі ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы».

Напярэдадні ж актывісткі руху «Ружа» правялі круглы стол у справе праблемаў парадзіх і распачалі цэлую кампанію абароны правоў маладых маці – з наступнага тыдня пачынае працу грамадская прыёмная, якая будзе аказваць псіхалагічную ды юрыдычную дапамогу ў цэнтры гораду на вуліцы Ленінскай 29. Разам з гэтым разгорнецца і інфармацыйная кампанія: «Ружа» плануе падрыхтаваць гісторыі жанчын-парадзіх, якія ўвойдуць у інфармацыйны бюлетэнь і на аснове якога ініцыятыва падрыхтуе прапановы ў медычныя ўстановы дзеля паляпшэння ўмоваў парадзіх у айчынных радзільнях.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў