Чыноўнік з Ушацкага райвыканкаму скраў з фермы «соннага» бычка


Для вывазу бычка з фермы ён арганізаваў сапраўдную спецаперацыю, паведамляе прэс-служба Камітэту дзяржкантролю (КДК).

«Работнікі фінансавай міліцыі высветлілі, што першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкаму [Аляксандр Іоскін. – Заўв. Belsat.eu] распарадзіўся скрасці бычка з фермы. Ён набыў вакцыну для ўсыплення жывёлы, перадаў яе службовым асобам сельгаспрадпрыемства, распрацаваў план вывазу бычка з фермы і дастаўкі яго ў прыватную фермерскую гаспадарку Ушацкага раёну», – гаворыцца ў паведамленні КДК.

Аляксандр Іоскін

Крымінальную схему працаўнікі фінансавай міліцыя выкрылі падчас праверкі прадпрыемства ў жніўні-верасні.

У дачыненні да загадчыцы фермы, ветэрынара і кіроўцы распачатыя крымінальныя справы. Аляксандр Іоскін заключаны пад варту. Яму пагражае да 10 гадоў турмы.

Усе фігуранты справы прызналі сваю віну і кампенсавалі нанесеную шкоду (Br 1000).

Паводле КДК, падчас праверкі таксама высветлілася, што з гэтага сельгаспрадпрыемства знікла яшчэ 70 галоў буйной рагатай жывёлы.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары