«Чыноўнік з душою паэта». Мікалая Лазавіка пахавалі на Паўночных могілках Менску


7 лістапада ў Менску развіталіся з былым сакратаром Цэнтрвыбаркаму Мікалаем Лазавіком. Ён памёр 5 лістапада на 66-м годзе жыцця.

Праводзіць яго ў апошні шлях сабраліся высокапастаўленыя чыноўнікі і сябры. Ён быў «чыноўнікам з душою паэта» (Мікалай Лазавік пісаў вершы – заўв. belsat.eu), паведамляе тэлеканал СТВ.

Урывак вершу Мікалая Лазавіка, які ён прысвяціў Лідзіі Ярмошынай

Коль судьбою предназначено

Вам мужчинами управлять,

Мы должны Вам посоветовать,

Как и чем на нас влиять.

Мы мужчины – народ нежный

Нас не нужно кантовать,

Без нужды толкать и двигать,

Гнуть, трясти и обрывать.

Для нас вредны напряжение,

Стресс и перегрузка,

Злоба, гнев и раздражение,

И несвежая закуска.

«Калі ён прыйшоў, я ніводнай хвіліны за гэтыя 16 гадоў не пашкадавала пра зробленую прапанову. Гэта былі не проста гады працы, а гады сяброўства. Ён не проста ўліўся ў калектыў, ён яго ствараў. Душой нашага калектыву быў менавіта Мікалай Іванавіч. І калі я была фармальным лідарам, то ён увасабляў нейкія агульначалавечыя, маральныя каштоўнасці», – сказала падчас паніхіды кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.

На пахаванні Мікалая Лазавіка прысутнічала таксама міністр інфармацыі Лілія Ананіч ды намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

Пахавалі Мікалая Лазавіка на Паўночных могілках у Менску.

Лазавік займаў пасаду сакратара ЦВК з 2000 года. З 2006 года па 2015-ы быў у спісе асобаў, якім быў забаронены ўезд у Еўразвяз у межах санкцыяў.

Лазавік нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Невіняны ў Вялейскім раёне. У 1972 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, у 1993-м – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2000-м – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, у 2003 годзе – аспірантуру пры Акадэміі кіравання. Кандыдат эканамічных навук.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га склікання, уваходзіў у камісію па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні. У 1996 годзе паставіў подпіс за імпічмент Аляксандра Лукашэнкі, але пазней адклікаў. Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму аб пашырэнні паўнамоцтваў прэзідэнта перайшоў у Палату прадстаўнікоў першага склікання.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў