Чыноўніца, што забараняла «Белсат», «гатовая да дыялогу» па пытаннях свабоды СМІ


Медыйная сфера ў Беларусі «дынамічна развіваецца» і з’яўляецца «адным з прыярытэтных кірункаў узаемадзеяння з АБСЕ», заявіла намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына. Менавіта гэтая чыноўніца падпісвала апошняе рашэнне адмовіць у акрэдытацыі «Белсату». Гэта азначае фактычную забарону журналістам працаваць для незалежнага тэлеканалу: за «незаконны выраб і распаўсюд» медыйных матэрыялаў беларускія суды караюць высокімі штрафамі.

Паводле чыноўніцы, цяпер ідзе праца, каб выбудаваць «канструктыўнае паважлівае ў межах закона ўзаемадзеянне паміж журналістамі і праваахоўнымі органамі», а таксама «стварыць умовы для эфектыўнага выканання абодвума бакамі сваіх прафесійных абавязкаў». Гэта яна заявіла падчас семінару па ўзаемадзеянні органаў правапарадку і СМІ ў Менску.

«Гэта ўжо далёка не першы прыклад нашага канструктыўнага ўзаемадзеяння са спадарыняй Міятавіч і яе офісам. Цяперашняе мерапрыемства з’яўляецца своеасаблівым працягам семінара-трэнінгу па пытаннях развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі ў Беларусі, які быў паспяхова праведзены сумесна з АБСЕ ў ліпені мінулага года», – сказала яна.

У сваю чаргу прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч зазначыла: такія мерапрыемствы неабходныя, каб «палепшыць адносіны паміж СМІ і праваахоўнымі органамі». Ідэя гэтага семінару ўзнікла падчас кантактаў АБСЕ з міністрам замежных спраў Беларусі.

Міятавіч запрасіла ўдзельнікаў форуму «да адкрытай дыскусіі», якая «павысіць веданне журналістаў аб сваіх правах на збор інфармацыі». Разам з тым сустрэча скіраваная на тое, каб «праваахоўнікі лепш разумелі сутнасць узаемадзеяння са СМІ».

«Абодва бакі павінны працаваць разам, каб гарантаваць свабоду медыяў у Беларусі, – сказала Дуня Міятавіч. – Для гэтага павінна быць палітычная воля, жаданне ўрада. За апошні час колькасць затрыманняў [журналістаў] значна зменшылася, але нават калі будзе адзінкавае затрыманне – я буду ўзнімаць гэта пытанне».

Цягам дня ўдзельнікі семінару абмяркуюць такія пытанні, як СМІ і заканадаўства па выкананні грамадскага парадку, агульныя прынцыпы зносін паміж журналістамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а таксама разгледзяць спецыфіку працы праваахоўнікаў пры ўзаемадзеянні з работнікамі СМІ на аснове лепшай міжнароднай і сусветнай практыкі. Апрача таго, удзельнікі семінара ўзнімуць тэму вырашэння канфліктаў паміж работнікамі СМІ і супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

МЛ / Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Стужка навінаў