Чым жыве блышыны рынак у Адэсе?


На Стараконным рынку ў Адэсе можна купіць усё, а можна – зэканоміўшы грошы – пакінуць на памяць каларытныя тыпажы і дыялогі гандляроў.

Ідучы на Стараконны рынак, даводзіцца перапытваць маршрут у мінакоў.

– Пройдзеце два павароты, а далей пачнецца перыферыя, пабачыце!

Іду ўказаным маршрутам. Але што за «перыферыя»? Толькі дайшоўшы пачынаю разумець. Стараконны рынак – гэта адзін ці два кварталы (!), ходнікі якіх цалкам заваленыя таварам: гаечнымі ключамі, вінілавымі пласцінкамі, процівагазнымі сумкамі, нямецкай парцэлянай, самаварамі, іконамі… усім, што можна і нельга сабе ўявіць на блышыным рынку.

– Колькі каштуе фотаздымак?

– Тут напісана, 100 грыўняў. Але магу даць вам зніжку… адсоткаў 40! – усміхаецца з-за акуляраў дзядзечка ў кепцы, – Я тут яшчэ два тыдні буду. Падыходзьце.

Зніжка 40 %, без гандлю з майго боку, гэта, канешне, моцна. Але тут цалкам сваё разуменне камерцыі. Іншы выпадак: выбраўшы адзін фотаздымак з тоўстай пачкі пытаюся ў гандляра пра кошт. Той доўга круціць носам, глядзіць з усіх бакоў, пасля заяўляе, што пачка прадаецца толькі разам і, не называючы кошту ўсёй пачкі, сыходзіць. Як гэта разумець?

Мімаволі складалася ўражанне, што ўся фантасмагорыя навокал – гэта не камерцыя, не капіталізм, а нейкая вялікая секта, спосаб бавіць час. Прыкладам, нехта ў даміно ці карты рэжацца, нехта – робіць выгляд, што гандлюе.

Як букініст не магу прайсці міма горкі старых кніг у скураных пераплётах з пацёртым золатам літараў, якія ляжаць …на асфальце. Мінакі чапляюць крайнія фаліянты нагамі. С ходу пытаюся ў гандляра пра кошт.

– Ад дзесяці «зелені» і вышэй

Але як, тое, што ляжыць на зямлі пад нагамі мінакоў можа столькі каштаваць? Калі «ад дзесяці і вышэй» – дык мае быць парадак, сістэма. Карацей, страшны сон перфекцыяніста.

За пару гадзіна бадзяння па рынку гэтак і не заўважыў аніводнага факту куплі-продажу: каб чалавек дастаў тугі пачак грыўняў ці еўра, наслюнявіў палец і разлічыўся. Усе ходзяць, глядзяць размаўляюць… Але размовы таго вартыя:

– Гэта г…но, а не гадзіннік. Гэта ж Кітай!

– Які Кітай, Жэня? Тады яшчэ Кітаю не было!

Пачынаю думаць, калі гэта не было Кітая і колькі год мае быць гэтаму гадзінніку… не, лепш не думаць.

– Во, тут напісана, чытай…

– Што з таго, што напісана? Вунь, кніга ў Васільевіча прадаецца «Як дажыць да 100 гадоў», што ж яе ўсё не бяруць і не чытаюць?

На рынку як і агулам у Адэсе размаўляюць па-расейску, прычым са сваім характэрным «чоканнем» або «шоканнем», своеасаблівымі назвамі грашовых эквівалентаў. Прынамсі, каб у нас дзе казалі «пятёрик» – я ніколі не чуў.

Па абедзе рынак пачынае разыходзіцца. Бабулькі здымаюць развешаныя на вяроўках кітайскія кофты ды масцеркі, каб загрузіць на цялежкі і каціць па разбітым асфальце на іншы канец гораду. Мужык з не вельмі шчаслівым тварам грузіць на дах Масквіча два антыкварныя крэслы ў стылі сэцэсіі… Суцэльны постмадэрн.

Па шчырасці, нічога сабе не купіў. За тое, будзе некалі нагода вярнуцца і скарыстацца неймавернай зніжкай у 40 % або «хапнуць» адразу ўвесь пачак старых фота – не пытаючыся пра цану.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў