Чым займаліся беларускія дэпутаты цягам чатырох гадоў?


Недатыкальнасць, высокі заробак, неблагая пенсія, службовыя аўты ды кватэра ў сталіцы – такія бонусы маюць дэпутаты беларускага парламенту. Але што ўзамен яны далі грамадзянам і дзяржаве за мінулы чатырохгадовы тэрмін? Онлайн-пляцоўка ініцыятываў «zvarot.by» абвесціла збор подпісаў пад патрабаваннем поўнай справаздачы ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі складаецца са 110 дэпутатаў. Усе яны маюць права заканадаўчай ініцыятывы. Паўнамоцтвы прапісаныя ў Канстытуцыі: ад зацвярджэння асноўных кірункаў унутранай і вонкавай палітыкі да бюджэту краіны ды нават вотуму недаверу ўраду.

Дэпутаты, адкажыце на пытанні!

Уладзімір Махнач разам з паплечнікамі вырашыў спраўдзіць, ці карыстаюцца абраннікі такімі магчымасцямі. І зладзіў на старонцы «zvarot.by» збор подпісаў пад петыцыяй да Палаты прадстаўнікоў – даць падрабязную справаздачу, а не агульную адпіску. Тым больш, што пытанняў па заканчэнні чатырохгадовага тэрміну шмат.

«Усяго толькі тры разы дэпутаты скарысталіся правам ініцыяцыі законапраекту. Гэта вельмі мала», – звяртае ўвагу Уладзімір Махнач, юрыст з ініцыятывы «zvarot.by».

Згодна з аналізам, які правёў партал TUT.BY, за чатыры гады дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання прынялі 380 законапраектаў. Аднак у пераважнай большасці ініцыятыва належала ўраду – ажно 87 % законаў прынята з яго прапановы. Яшчэ 12 % законапраектаў ухвалена з ініцыятывы Лукашэнкі, удзел жа самых дэпутатаў у заканатворчым працэсе – менш за 1 %.

«Ёсць план звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў, каб выпрацаваць нейкі агульны падыход. Каб дэпутаты публікавалі свае справаздачы штогод на сайце Парламенту», – зазначае Уладзімір Махнач.

«Іх даўно ніхто не ведае. Толькі на карцінках»

Частка дэпутатаў публікуе свае справаздачы ў малавядомых мясцовых газетах або рапартуе пра свае дасягненні праз сустрэчы з выбарнікамі, на якія апошніх, што праўда, часцей за ўсё не імкнуцца запрашаць.

«Я не бачу вынікаў іхнай працы», – канстатуе мужчына. «Не ведаю, чым яны там займаюцца. Напэўна толькі грошы атрымоўваюць, а сэнсу ад іх няма ніякага», – мяркуе мянчук, суразмоўца «Белсату»

«Іх даўно ніхто не ведае. Толькі на карцінках. А так іх ніхто не бачыў. А чаму не ведаю? Напэўна таму што не выходзяць да людзей», – дадае мінак.

У тым ліку і з гэтае прычыны некаторыя эксперты крытыкуюць актывізацыю стасункаў заходніх дэлегацыяў з беларускімі дэпутатамі. Маўляў, справа не столькі ў нелегітымнасці парламенту Беларусі, колькі ў адсутнасці якога-кольвек уплыву дэпутатаў на рэальнае палітычнае і эканамічнае жыццё ўнутры краіны.

Юрый Салодкі, «Белсат», фота – TUT.BY

Стужка навінаў