Чым літоўцы замяняюць расейскі газ?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/42jEzRxEFNY”][vc_column_text]Нашыя суседзі не проста змяняюць «Газпром» на альтэрнатыўнага пастаўніка: у Літве паспяхова дамагаюцца большай энергетычнай аўтаномнасці дзякуючы біяпаліву.

У порце літоўскай Клайпеды на гэтым тыдні чакаюць новы газавоз з Нарвегіі. Звадкаваны газ пойдзе ў газавую кампанію LDT, якою кіруе дзяржава, і на завод угнаенняў „Achema”. Раней яны куплялі сыравіну выключна ў “Газпрома”. Аднак і зніжэнне коштаў на газ, якога пры дапамозе Еўразвязу дамаглася Літва, не спыняе пераходу краіны на “зялёныя тэхналогіі”.

Каб перайсці з нафты і газу на «зялёную» энергію, патрэбныя час, абсталяванне і адмыслоўцы. Літва ўжо зрабіла заўважныя крокі на гэтым шляху: па ўсёй краіне, у кожным з 60 самакіраванняў, на электрастанцыях ёсць кацельні, што працуюць на біяпаліве.

Прэзідэнт Асацыяцыі пастаўляльнікаў цяпла Вітаўтас Стасюнас кажа, пра хуткі рост удзелу біямасы ў цеплавой гаспадарцы:

«Яна ў тры разы таннейшая за прыродны газ. Мінулы год мы скончылі з першаснымі звесткамі, што біямаса ў цеплавой гаспадарцы складае каля 62%».

Біяпаліва – гэта любыя матэрыялы расліннага паходжання. Драўніна, трава, галлё, макуха і пілавінне, спаленыя на літоўскіх электрастанцыях, дазваляюць ашчадзіць да 100 тысяч тонаў нафтапрадуктаў штогод. Для прыкладу, магутнасць гэтай Віленскай электрастанцыі №2, найбуйнейшай, што працуе з біямасай у Літве, 60 МВт.

«Турбіна можа выпрацоўваць з біямасай электраэнергію ў 16,5 МВт, і дзесьці 50 МВт ідзе на цяпло», – кажа Гіедрус Рудокас, начальнік службы эксплуатацыі віленскай ЦЭЦ-2.

У пытаннях узнаўляльных крыніцаў энергіі нашая паўночна-заходняя суседка арыентуецца на досвед скандынаўскіх краінаў. Паводле планаў, у 2020 годзе доля біямасы ў кацельных цеплавых электрастанцыяў дойдзе да 85%.

«Газ і нафта застануцца толькі для растопкі катлоў і каб пакрываць пікавыя нагрузкі, калі бывае вельмі халодна, і калі немэтазгодна ўсю магутнасць будаваць на біямасе», – заяўляе Вітаўтас Стасюнас.

Дзякуючы спальванню расліннага смецця ў паветра не ідуць «лішнія» парніковыя газы, што добра супраць глабальнага пацяплення. А пасля кацельнай ад біямасы застаецца попел, які можна ўжыць як угнаенне на палях.

Вытворчасць электрычнасці ды ўгнаенняў са смецця – гэта не толькі для экалогіі добра. Гэта выгадны для дзяржавы і грамадства спосаб ашчаджаць рэсурсы, а значыць і зарабляць грошы.

Ганна Русінава з Вільні

Стужка навінаў