Чума свінняў. Польшча хоча пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю за $ 36 млн


Агароджа мае запабегчы міграцыі дзікоў і, у выніку, – распаўсюду афрыканскай чумы свінняў.

Пра пабудову плоту заявіў польскі міністр сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель. Ён адзначыў, што кошт будаўніцтва складзе 130 млн злотых (больш за $ 36 млн). Міністэрства фінансаў ужо выдзеліла гэтыя сродкі.

Ініцыятыва міністра – вынік шматразовых просьбаў з боку польскіх фермераў, якія заклікалі ўрад весці больш эфектыўную барацьбу з вірусам афрыканскай чумы свіней, якая сёлета зноў атакавала ўсходнія землі Польшчы. Найбольш выпадкаў было выяўлена ў летнія месяцы. Увосень колькасць выпадкаў заражэння павінная зменшыцца, але паводле міністра, агароджа ўсё роўна патрэбная, падае «Польскае радыё».

Агулам з 2014-га, калі вірус быў зарэгістраваны ўпершыню, у прыватных польскіх гаспадарках выявілі 92 выпадкі заражэння.

729 кіламетраў

На думку экспертаў, польскія свінні былі інфікаваныя АЧС дзікамі, якія прыйшлі з Беларусі.

Польскія чыноўнікі мяркуюць, што ёсць два эфектыўныя сродкі, каб спыніць эпідэмію: адстрэльваць дзікоў і ўзвесці на ўсходняй мяжы плот, каб яны наагул не траплялі ў краіну.

Справаздачы па экалагічных і юрыдычных умовах пра магчымасць пабудовы плоту будуць падрыхтаваныя цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў.

Затрымаць дзіка можа плот вышынёй ад 75 да 80 сантыметраў

Працягласць агароджы складзе 729 кіламетраў.

ДД

Стужка навінаў